Залацісты, валакністы. Работнікі ляхавіцкага льнозавода стараюцца пасеяць лён у аптымальныя тэрміны

Механізатар ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Дзмітрый Дыдышка з першага дня пасяўной шчыруе на заводскіх ільняных палетках

Сёлета ААТ ”Ляхавіцкі льнозавод” патрэбна нарыхтаваць сыравіны больш і лепшай якасці, чым у папярэднія гады. Пасля мадэрнізацыі прадпрыемства і ўстаноўкі сучаснага высокапрадукцыйнага абсталявання адкрыліся новыя магчымасці выпуску запатрабаванай прадукцыі. Эфектыўнасць работы прадпрыемства будзе ў многім залежаць ад ураджаю льну. Першы крок да яго — паспяховая сяўба ў добра падрыхтаваную глебу, запраўленую пад патрэбу ўгнаеннямі, і праведзеная ў аптымальныя тэрміны.

Пачалі з рэалізацыі плана севазвароту. Вядома, што лён не павінен расці на адных і тых жа ўгоддзях больш як 4-5 гадоў. СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, ДП “Нача” і ЗАТ “Белпрампрыбор” выдзелілі ўчасткі пад лён у сваіх угоддзях. Прычым, выбіраліся глебы па структуры і хімічным складзе найбольш прыдатныя для росту гэтай культуры. Уключана ў севазварот і частка заводскіх земляў. Сёлета запланавана пасеяць 1900 гектараў даўгунцу. З іх 1500 гектараў – клопат саміх завадчан, якія ўключыліся ў работу вельмі актыўна. Дапамагаюць ім СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы” і льнонасенстанцыя, якія ўзялі на сябе абавязкі вырасціць адпаведна 80, 60 і 260 гектараў льну.

Каб атрымаць запланаваны ўраджай, дакладна захоўваецца тэхналогія. Сеецца лён розных тэрмінаў выспявання, каб восенню можна было без аўралаў праводзіць церабленне.

Адметнасць гэтай пасяўной кампаніі ў тым, што трэба “эканоміць” вільгаць, якой вельмі мала назапасіла глеба за зіму і вясну. Як толькі адсеяў завод раннія яравыя збожжавыя, адразу агрэгаты накіраваліся на льняныя плантацыі. Пры спрыяльным надвор’і 3 пасяўныя агрэгаты, 4 сеялкі АКШ, 2 культыватары штодзень шчыруюць у полі. Да вынікаў работы дня папярэдняга дабаўляецца не менш як 100 гектараў. Па стане на 13 красавіка было пасеяна 810 гектараў даўгунцу. Галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Ігар Яварчук адзначыў, што пры спрыяльных умовах надвор’я ўжо да канца тыдня льнозавод завершыць работы – фундамент будучага ўраджаю будзе закладзены. Дарэчы, ільнасеючыя гаспадаркі таксама мяркуюць пасеяць лён за гэтыя дні.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *