Адпрацавалі ляхавіцкія меліяратары — і на футбол!

Адпрацавалі — і на футбол!

Нямала давялося папрацаваць работнікам УП “Ляхавіцкае ПМС”, каб забяспечыць фронт работ для прадпрыемства. Заключаны новыя дагаворы, і работа закіпела. Сёння ПМС на палях СВК “Шлях новы”, “Тальмінавічы”, дзе рамантуюць меліярацыйныя збудаванні, чысцяць каналы, наводзяць парадак вакол жывёлагадоўчых фермаў, каб як мага больш зямель уключыць у севазварот. Не цураюцца работнікі прадпрыемства і іншых, не меліярацыйных работ. Напрыклад, у Альхоўскім сельсавеце яны зносяць старыя пабудовы ў вёсках, устанаўліваюць агароджы, спілоўваюць старыя небяспечныя дрэвы, бетануюць пляцоўкі і ўладкоўваюць кантэйнеры для смецця ля могілак. Пасля завяршэння работ у Альхоўскім сельсавеце яны распачнуць іх у Крывошынскім, а пасля ў іншых сельсаветах раёна.

У райцэнтры работнікі ПМС кладуць тратуарную плітку, ставяць агароджы па заказах прадпрыемстваў, арганізацый не толькі ў сваім раёне, але і ў Баранавіцкім. На чарзе работы па добраўпарадкаванні тэрыторый у камбінаце “Мір”. Як паведаміў начальнік УП “Ляхавіцкае ПМС” Сяргей Юшкевіч, тэмп росту аб’ёмаў работ склаў 164 працэнты, а выпрацоўка на аднаго работніка – 194 працэнты ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.

Начальнік ПМС перакананы: справы ладзяцца таму, што на прадпрыемстве склалася моцная каманда работнікаў. “Адзін за ўсіх, усе за аднаго”, – як на футбольным полі.

Дарэчы, нядаўна футбалісты “Меліяратара” аб’ядналіся ў зборную каманду з Баранавіцкімі камандамі “Колас” і “ Дружба” для ўдзелу ў чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь. Першы турнір у Кобрыне, праўда, не прынёс абсалютнай перамогі, заваявалі другое месца. Аднак каманда, у складзе якой гулялі і нашы меліяратары, перамагла прадстаўніка вышэйшай лігі – “Славію” (г. Мозыр). У канцы красавіка адбудзецца чэмпіянат рэспублікі. Некаторыя матчы пройдуць на стадыёнах Баранавіч і Ляхавіч. Падтрымаем сваіх!

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *