Сардэчная дастатковасць

Ён заўсёды быў і будзе ўрачом, незалежна ад таго, працуе, як шмат мінулых дзесяцігоддзяў, ці  адпачывае, як некалькі апошніх месяцаў. У яго прафесійнага жыцця абавязковая і прыгожая форма адзення — медыцынская. Белы накрухмалены халат ці класічны хірургічны касцюм для ўрача-анестэзіёлага, бы яго другая скура. Гэты чалавек з тых, каго не трэба агітаваць за міласэрнасць, чуласць, дабрыню, таму што ўсе азначаныя вартасці  ў максімальнай ступені ўласцівыя яго асобе. Нешматслоўны — ды надзейны, вочы яго заўсёды гаварылі больш, чым вусны, а рукі рабілі больш, чым можна паабяцаць на словах. Ён нават дыхаць умее за іншых і сотні разоў рабіў гэта, падключаючы апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх да цяжкага пацыента.

Ён — гэта Станіслаў Папко, да нядаўняга ўрач-анестэзіёлаг райбальніцы. Не будзе перабольшаннем сцвярджэнне, што ён выратаваў сотні жыццяў людскіх. Лепшымі паплечнікамі  заўсёды былі для яго высокі прафесіяналізм, бясцэнны вопыт і абвостранае пачуццё чужога болю. Гэта пра такіх, як Станіслаў Аляксандравіч, гавораць: урач ад Бога, і чужога болю для яго проста не бывае.

Уся ўрачэбная практыка доктара Папко звязана з Ляхавіччынай. Доўгі час ён быў намеснікам галоўнага ўрача, пры яго бытнасці і ўдзеле буда- валася новая райбальніца, стаяў ля вытокаў аддзялення рэанімацыі і шмат гадоў загадваў ім. Усё жыццё вучыўся, бо разумеў — без гэтага ўрачу немагчыма. І ніколі не хапала часу, каб па-сапраўднаму адпачыць. Мне здаецца, ні Станіслаў Аляксандравіч, ні яго жонка Ларыса Паўлаўна, якая шмат гадоў ўзначальвала акушэрска-гінекалагічную службу раёна, калі і не ўмеюць чагосьці рабіць, дык гэта адпачываць… І сёння, калі не спяшаюцца на працу, усё роўна яны ў бясконцых справах і клопатах.

З нагоды юбілею, які гэтымі днямі адзначыў Станіслаў Папко, хочацца сказаць яму шчыра: дзякуй Вам, доктар, і — будзьце здаровы!

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *