З кастрычніка па лістапад – адлегласць 105 гадоў

●Ідуць гады, нараджаюцца новыя пакаленні. Памяць пра найбольш значныя падзеі гісторыі сваёй краіны і грамадства павінна беражліва захоўвацца, бо нельга развівацца і рухацца наперад, забываючы пра мінулае, – гэта аксіёма

Усё пачалося з залпа «Аўроры»

У гісторыі кожнай краіны, кожнага народа ёсць падзеі, якія можна назваць лёсавызначальнымі. Нямала іх і ў нашай Беларусі. Сярод такіх і Кастрычніцкая рэвалюцыя. 105 гадоў назад над расійскім Петраградам прагучаў залп крэйсера «Аўрора», які стаў сігналам да штурму Зімняга палаца, дзе засядаў Часовы ўрад. Улада перайшла ў рукі Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Усю атмасферу тых векапомных дзён, аб’яднаных «непараўнальным пачуццём свабоды», амерыканскі журналіст Джон Рыд – сведка рэвалюцыйных падзей у Расіі –
перадасць у сваёй знакамітай кнізе «Дзесяць дзён, якія ўзрушылі свет», перакладзенай на многія мовы мільённымі тыражамі.
105 гадоў прайшло з таго часу, змянілася не адно пакаленне. Але памяць пра падзеі 1917-га беражліва захоўваецца нашчадкамі. Гісторыя не павінна забывацца, кожная яе старонка каштоўная. Таму важна расказваць пра рэвалюцыйныя падзеі, пра «Аўрору», «Зімні» сённяшнім і будучым пакаленням.

Кастрычніцкі аўтограф на Ляхавіччыне

7 лістапада ў суверэннай Беларусі – чырвоны дзень календара. Назаўсёды застаюцца ў памяці прадстаўнікоў не аднаго пакалення, хто родам з СССР, дэманстрацыі і парады, калі ўсе былі аб’яднаны адзіным патрыятычным памкненнем. Святочная калона праходзіла па галоўнай вуліцы нашага райцэнтра на плошчу Леніна, дзе ладзіліся асноўныя мерапрыемствы, праходзіў мітынг. Вакол панаваў цудоўны настрой, усе віншавалі адзін аднаго – адчуванні самыя ўзвышаныя і запамінальныя. Транспаранты, паветраныя шары, калоны з працоўных калектываў, спартсменаў, школьнікаў, моцнае «ура» – гэта было неад’емнай часткай жыцця і Ляхавіччыны. Лепшых працаўнікоў узнагароджвалі ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі. Самае ганаровае званне – Герой Сацыялістычнай Працы. Напярэдадні ўрачыстасці: школьныя лінейкі, сходы на прадпрыемствах, працоўныя дэсанты. Да гэтай важнай даты прымяркоўваліся месячнікі па зборы металалому і макулатуры. Не ўсе нашы юныя землякі ведаюць, што ў 1917 годзе на легендарным крэйсеры «Аўрора» служыў наш зямляк М. В. Шклянік, у штурме Зімняга палаца ўдзельнічаў ура-джэнец вёскі Галавачы Ф. Сакун. Што адбывалася на Ляхавіччыне ў лістападаўскія дні 1917 года, расказвае кніга «Памяць. Ляха-віцкі раён»: «Вялікі Кастрычнік ляхавіцкая зямля сустрэла перарэзаная лініяй фронту. Многае засталося ад тых дзён і цяпер: жалезабетонныя доты на беразе ракі Шчара, парослыя лесам акопы, помнікі-крыжы, пастаўле-ныя на магілах загінуўшых падчас Першай сусветнай вайны салдат рускай арміі».
Народжаныя Кастрычніцкай рэвалюцыяй

Дзеці з гонарам уступалі ў акцябраты, потым у піянеры, камсамол. У аснове ўсяго – Камуністычная партыя, стаць членам якой было не толькі пачэсна, але і наогул спрыяльна для кар’ернага росту.
Колькі прадстаўнікоў колішніх пакаленняў маладых звязваюць сваё юнацтва з камсамолам, нараджэнне і ідэі якога сфарміравала рэвалюцыя.
Асаблівыя асацыяцыі з сёмым днём лістапада звязаны з Вялікай Айчыннай вайной. У гэты дзень у 1941 годзе адбыўся гістарычны парад на Чырвонай плошчы ў Маскве, які ўмацаваў дух абаронцаў Айчыны і мільёнаў людзей і ў тыле ворага, і на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі. Тады,
81 год назад, прама з плошчы маршам салдаты і афіцэры Чырвонай Арміі пайшлі ў акопы на абарону Масквы і выстаялі пад націскам фашысцкіх акупантаў. Можна сказаць, што менавіта тады пачаўся першы пераломны момант у Вялікай Айчыннай вайне. Гісторыкі прыраўноўваюць парад 1941 года па сіле ўздзеяння на ход падзей да важнейшых ваенных аперацый Другой сусветнай вайны. І сёння беларуская армія – магутная сіла, якая трывала стаіць на варце міру, шчаслівага жыцця беларусаў.
Калі азірнуцца на падзеі
7 лістапада (а па старым стылі 25 кастрычніка) 1917 года з пунк-ту гледжання гісторыі, то гэта дата стала днём нараджэння новай эпохі. Пасля рэвалюцыйных падзей на палітычнай карце свету з’явілася краіна зусім новай фармацыі – Савецкая Расія, потым Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, у якім адной з 15 брацкіх рэспублік на працягу сямі дзесяцігоддзяў была і Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.
Мяняецца час, погляды, сёння па-іншаму ўспрымаюцца многія гістарычныя падзеі, у тым ліку і Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя. У большасці з былых краін Савецкага Саюза 7 лістапада – звычайны працоўны дзень (а ў некаторых ён увогуле не ўзгадваецца як вызначальны дзень, наадварот, ідэалогія большасці былых саюзных рэспублік асацыюе Кастрычніцкую рэвалюцыю з трагедыяй, гістарычнай памылкай). А вось у Беларусі гэты дзень святочны!
Сёння палітолагі і гісторыкі адзначаюць, што ў любой рэвалюцыі шмат супярэчнасцей. Па-рознаму кастрычніцкія падзеі 105-гадовай даўнасці ўспрыняло тады насельніцтва, Грамадзянская вайна, якая пачалася ў 1918 го-
дзе, – таму пацвярджэнне. Ніхто не аспрэчвае і той факт, што ў савецкай улады было нямала пралікаў: голад, холад, хваробы, калектывізацыя з яе перагібамі… Аднак нельга не забываць, менавіта рэвалюцыя стала пачаткам масавай ліквідацыі непісьменнасці, мільёны людзей атрымалі магчымасць вучыцца, будаваць заводы, электрастанцыі, школы, бальніцы, развіваць вытворчасць. Чаго толькі вартая электрафікацыя ўсёй вялікай краіны. Аб’яднанне рэспублік і стварэнне ў 1922 годзе СССР –
гэапалітычная падзея сусветнага маштабу. І як бы ні імкнуліся некаторыя перапісаць гісторыю на свой лад, менавіта дзякуючы Савецкаму Саюзу, яго непераможнай арміі і гераічнаму народу быў спынены фашызм. Дзякуючы рэвалюцыі многія краіны, у тым ліку і наша, набылі дзяржаўнасць. А Беларусь зберагла і прымножыла эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял, нацыянальную культуру. Бясплатныя адукацыя і медыцына таксама падарунак рэвалюцыі. Сацыялістычная рэвалюцыя мела высакародныя мэты: пабудову справядлівага грамадства, недапушчэнне эксплуатацыі чалавека чалавекам, роўнасць людзей у правах і абавязках.
А галоўны прынцып сацыялізму «ад кожнага па здольнасцях, кожнаму па патрэбах» цэлую эпоху быў актуальным. Гэтым нельга не ганарыцца, бо гэта і ёсць наша з вамі біяграфія.
7 лістапада 2022 года. Звычайны восеньскі дзень, прыемны выхадны напачатку працоўнага тыдня. Сёлета гэта дата не проста чырвоны дзень календара, а 105-гадовы юбілей Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Галіна КАНЬКО.