Сядзіба Чарноцкіх будзе вандарваць па свеце. На паштоўцы.

Неардынарная падзея адбылася напрыканцы мінулага тыдня ў гарадскім аддзяленні паштовай сувязі. Кліенты, госці, супрацоўнікі РУПС прынялі ўдзел у цырымоніі спецыяльнага гашэння паштовай карткі з арыгінальнай маркай “Сядзібны дом Чарноцкіх”. 28 мая Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне мастацкую картку з маркай “ 200-годдзе з часу пабудовы Міхаілам Чарноцкім сядзібнага дома ў вёсцы Нача Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці”. Перш, чым такую картку можна распаўсюджваць, неабходна правесці спецыяльную працэдуру пагашэння. Што і было зроблена ва ўрачыстай абстаноўцы ў мясцовым РВПС.
Выкладчык Ляхавіцкай школы мастацтваў Сяргей Чарановіч цікава расказаў не толькі пра гісторыю будаўніцтва сядзібы, але і ўвогуле пра знакаміты род Чарноцкіх. Непасрэдна сядзіба (уключаючы дом, парк з вадаёмамі, флігель, сад і вялікі гаспадарчы двор) была пабудавана ў 1810-1815 гадах пад кіраўніцтвам Міхаіла Чарноцкага. У 1910 годзе сядзібны дом перабудаваны па праекту архітэктара А. Кжыжаноўскага. Ён з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму ХІХ стагоддзя.
Па словах намесніка начальніка Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Вольгі Юрашэвіч, першая марка такога кшталту з выявай Крыжа Ефрасінні Полацкай была выпушчана і пагашана ў 1993 годзе. Галоўная мэта выпуску паштовак з выявай гістарычных і культурных пом-нікаў Беларусі – пазнаёміць жыхароў Беларусі і гасцей з багатай гісторыка-культурнай спадчынай. Дарэчы, хутка з’явяцца новыя маркі з малюнкамі палацаў, помнікаў і паркаў, якія знаходзяцца на Ляхавіччыне.
Вольга Юрашэвіч разам з Сяргеем Чарановічам і начальнікам РВПС Вольгай Арэхва пад апладысменты прысутных пагасілі марку спецыяльным штэмпелем. Мастаком паштоўкі і спецштэмпеля з’яўляецца Ганна Малаш. Тыраж карткі складае 100 тысяч экзэмпляраў. Цяпер кожны жадаючы можа набыць паштоўку з ары-гінальнай маркай “Сядзібны дом Чарноцкіх” у аддзяленнях паштовай сувязі і адправіць родным і блізкім у якасці сувеніра. Гэта добры падарунак і для філатэлістаў.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *