Стаўка на якасць

Ведаем, у прыроды не бывае дрэннага надвор’я. Яно бывае розным: цёплым ці не надта, сухім ці дажджлівым, як, напрыклад і на жаль, цяперашняй парой. Пара гэта травакосная і, канешне ж, дождж ёй зусім не сябра. Наадварот, устойлівае сонейка было б у гэтай сітуацыі самым для аграрыяў мілым спадарожнікам. Скардзіцца можна, аднак, дзе сэнс, ды і справа гэта не для моцных, настойлівых у дасягненні мэты, руплівых працаўнікоў. Што ў абсалютнай сваёй большасці работнікі аграпрамысловага комплексу раёна іменна такія – сумненняў няма. Але ж праўда і ў тым, што прыродная “плаксівасць” негатыўна адлюстроўваецца на тэмпах зялёнага жніва, не павышае, мякка кажучы, якасць нарыхтаванага фуражу.
Па інфармацыі раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, па стану на першы дзень бягучага тыдня ў цэлым па АПК раёна скошана было 35 працэнтаў ад амаль 11 тысяч запланаваных пад першы ўкос “шматгадовых” гектараў. Але ж скасіць, справа не асабліва хітрая і гэта, нават, не трэць справы: задачай куды больш складанавырашальнай, улічваючы фактар неспрыяльнасці надвор’я, з’яўляецца давядзенне скошанага да ўборачных кандыцый, ажыццяўленне, уласна, уборкі і закладкі. Якаснай, з абавязковым увогуле і асабліва ў маючых абставінах выкарыстаннем кансерванта. З 3812 скошаных гектараў не ўбрана і паловы – 46 працэнтаў. Што дазволіла нарыхтаваць нямногім больш за 10 тысяч тон сенажу. Магло б і больш, але ж, для параўнання адзначым, леташнія на гэты час аб’ёмы былі прыкладна на трэць больш сціплымі. Як памятаецца, год таму з надвор’ем адбывалася нешта накшталт сёлетняга.
Найбольш праблематычна “здабыць” сена. Як вынік, 30 тон, што змаглі выхапіць нарыхтоўшчыкі СВК “Дарава”, застаюцца пакуль адзіным у гэтым сэнсе здабыткам у раёне.
Найбольш “прасунуліся” з выкананнем касавічных абавязкаў СВК “Канюхі”, дзе фактычная сенажная закладка на трэць перавысіла планавую. У той жа час, іменна “Канюхі” за кампанію з СВК “Ляхавіцкі” і “Тальмінавічы” выглядаюць некалькі менш выгадна сябе леташніх. У адрозненне ад усіх іншых сельгаспрадпрыемстваў. Свежыя кармавыя засекі некаторых з іх на гэты час год таму, вобразна кажучы, яшчэ пуставалі. Гаворка, напрыклад, пра СВК “Жарабковічы”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс”, РСУП “Нача”. Зараз жа там нарыхтавана ўжо 1200, 330 і 160 тон сенажу, адпаведна.
Між тым, на завяршэнне першаўкоснай кампаніі адпушчана каля двух тыдняў аптымальнага часу. Усё, што застанецца на лугах і шматгадовых палетках пасля 15 чэрвеня, як мінімум, праграе ў якасці, на што і робіцца асноўная стаўка. З аб’ёмамі ж корманарыхтовак, як паказвае практыка апошніх гадоў, гаспадаркі ўвогуле спраўляюцца. А вось па якасці пытанні, прынамсі, у мінулым годзе не-не ды і паўставалі.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *