Сярод першых міліцыянераў, якія адправіліся ў чарнобыльскую камандзіроўку напрыканцы 1986 года, былі і ляхавічане

Зводны атрад супрацоўнікаў міліцыі Брэсцкай вобласці. Ёсць тут і ляхавічане.

З мая 1986 года па студзень 1987 года па загаду начальніка УУС Брэсцкага аблвыканкама генерал-маёра міліцыі Сівіцкага Герарда Уладзіслававіча асабовы састаў гар-райаддзелаў унутраных спраў Брэсцкай вобласці ўдзельнічаў у ліквідацыі вынікаў аварыі, якая адбылася на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Сярод іх — 21 супрацоўнік Ляхавіцкага РАУС. Яны аднымі з першых у саставе зводных атрадаў Брэсцкай вобласці сталі на ахову грамадскага парадку ў 30-кіламетровай зоне ад ЧАЭС. Пасля спіс ляхавіцкіх міліцыянераў, якія далучыліся да выканання гэтай задачы ў розныя гады з красавіка 1987 па снежань 1992 года, вырас яшчэ на дзясятак чалавек.
Сярод першых ляхавіцкіх міліцыянераў, якія адправіліся ў чарнобыльскую камандзіроўку напрыканцы 1986 года, быў і Іосіф Зубік — памочнік дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы. Ён прыехаў сюды са сваімі калегамі — начальнікам дзяржпажнагляду Ляхавіцкага РАУС Іванам Дубіным і старшым інспектарам прафілактыкі гэтага ж аддзела Яўгеніем Булатым. З 15 лістапада па 15 снежня 1986 года нёс вахту на забруджанай тэрыторыі.
Ва УУС Брэсцкага аблвыканкама сфарміраваўся зводны атрад з 40 міліцыянераў. Іван Дубін узначаліў яго, намеснікам стаў Яўгеній Булаты, камсоргам — Іван Зубік. Такім чынам, на прадстаўнікоў Ляхавіцкага РАУС лягла дадатковая нагрузка і адказнасць, таму што яны ўвайшлі ў актыў атрада.
Пасля інструктажу атрымалі адпаведную экіпіроўку, і зводны атрад адправіўся да месца нясення службы ў в. Цешкава Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці. Размешчана была вёска ў 20-ці кіламетрах ад г. Нароўля і ў 15-ці кіламетрах ад ЧАЭС.
Акрамя брэсцкага зводнага атрада там на той час неслі службу прадстаўнікі УУС Мінскага аблвыканкама. Усіх разам — каля ста чалавек. Патрулявалі, вялі назіранні з вышак, размешчаных ля ракі Прыпяць. Адлегласць ад вышкі да ЧАЭС праз раку складала не больш як 5 кіламетраў. Мясцовасць была адкрытай, поле і міжлессе.
Супрацоўнікі міліцыі былі ў адказе за захаванасць маёмасці, пакінутай мясцовымі жыхарамі, і сельгаспрадпрыемствамі ў 30-кіламетровай зоне; недапушчэнне крадзяжоў, марадзёрства, вываз забруджаных рэчаў і прадметаў; ахову забруджаных транспартных сродкаў, вывезеных з тэрыторыі ЧАЭС. Міліцыянеры практычна кожны дзень спынялі спробы вывезці маёмасць з радыяцыйнай зоны. Службу даводзілася несці ў складаных ўмовах надвор’я. У той год снежань быў бясснежным, пастаянны вецер падымаў радыяцыйны пыл… Праўда, у супрацоўнікаў міліцыі са сродкаў індывідуальнай абароны былі рэспіратары.
Кожныя пяць дзён усе міліцыянеры праходзілі экспрэс-абследаванне ў Нараўлянскай раённай бальніцы. У кожнага быў свой «сляпы» дазіметр, які заўсёды насілі падчас знаходжання ў заражанай зоне, а затым пры ад’ездзе здавалі для вымярэння колькасці радыёнуклідаў, што накапіліся ў арганізме.
…З часу чарнобыльскай аварыі прайшло 27 гадоў. Не ўсе супрацоўнікі Ляхавіцкага РАУС, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі яе наступстваў, дажылі да сённяшняга дня. Гэта былы ўчастковы інспектар міліцыі Аляксандр Бортнік, памочнік дзяжурнага АДС Яўгеній Дрэнчык і іншыя. Адзін з былых супрацоўнікаў РАУС Г. Долгій з часам атрымаў інваліднасць.
Сяргей ПАЖОГА,
намеснік начальніка РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *