Свае ўрокі гісторыі Беларусь ведае на выдатна!

Залог шчаслівага жыцця – у веданні сваёй гісторыі і пашане да продкаў. Ляхавічане гэта ведаюць

На Ляхавіччыне помняць і шануюць гісторыю. Няма лепшага падручніка, чым тыя падзеі, што пакінулі вызначальныя сляды ў нашым жыцці. Памяць – галоўны настаўнік. Напярэдадні свята Кастрычніцкай рэвалюцыі ляхавічане аб’ядналіся ў аўтапрабегу «Лёс і Радзіма – адзіныя».


Кожная вяха гісторыі стварала і ўмацоўвала беларусаў, фарміравала самабытнасць, і кожны раз народ рабіў свой гістарычны выбар. Не нам судзіць, што правільна, а што не. Мы нашчадкі. І свята зберагаем тое, што засталося ў спадчыну. І перш-наперш гэта наша з вамі гісторыя.
Напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі няхай і без транспарантаў, партрэтаў правадыроў сусветнага пралетарыяту, але ж з усведамленнем важнасці падзеі – 105-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі – ляхавічане ганарова праехаліся
ў патрыятычным аўтапрабегу «Лёс і Радзіма – адзіныя».
Патрыятычны маршрут меў намер завяршыцца мітынгам у Падлессі. Што вельмі сімвалічна, менавіта тут усталяваны помнік Леніну. Сапраўды, няма лепшага спадарожніка, чым памяць: яна вядзе па жыцці, нагадвае, вучыць, падказвае і праектуе будучыню з улікам перажытага. Але ж нельга не пагадзіцца, што менавіта той 1917-ы навучыў мэтанакіравана ісці да лепшага, верыць у заўтрашні дзень. А гэтае заўтра магчыма тады, калі за аснову бяруцца настойлівая праца і жаданне будаваць высокаразвітую дэмакратычную дзяржаву. І нашы сацыяльныя гарантыі і даброты – нішто іншае, як мэта сацыялізму – паляпшэнне жыцця грамадзян.
Кветкі да помніка – як знак павагі да гісторыі сваёй Радзімы, як сімвал еднасці і пераемнасці пакаленняў. Вельмі дакладна адзначылі вядучыя мітынгу: «Помнік – гэта памяць, сведчанне рэалій той ці іншай перажытай намі эпохі. Разбурыць помнік – значыць адмовіцца ад нейкага перыяду сваёй гісторыі, а гэта недапушчальна – усе эпохі ў сукупнасці ўбудаваны ў нашу ідэнтычнасць, у нас саміх». Зламаць мінулае – пазбавіцца будучыні. Таму факт: Беларусь – адзіная краіна, якая зберагла Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі ў якасці дзяржаўнага свята, – сведчанне, што мы будуем краіну з ўлікам ведання мінулага, разумеем, што трэба на памылках вучыцца, а не наступаць на адныя і тыя ж … І тое, што Беларусь застаецца мірным астраўком у напружаным палітычна і не толькі свеце, гэта заслуга нашай гісторыі і часам яе не самых мірных урокаў.
Са святам 105-й гадавіны Вялікага Кастрычніка павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Яна адзначыла, што многае з нашага жыцця – гэта дасягненні тых падзей. А традыцыя адкрываць да гэтай падзеі важныя сацыяльна значныя аб’екты і сёння падтрымліваецца беларусамі. На новай ферме ў Русінавічах, што ўрачыста адкрылі 3 лістапада, будуць працаваць і маладыя кадры, а юныя агракаляджане змогуць там папрактыкавацца.
Свае віншаванні прысутным накіравала і першы сакратар райкама Камуністычнай партыі Беларусі Наталля Кулак. За актыўную грамадзянскую пазіцыю шэраг нашых землякоў адзначаны памятнымі медалямі.
Сёння мы жывём у незалежнай дзяржаве. У нас свой шлях развіцця, свае мэты. Будуем, ствараем, выхоўваем пакаленне на лепшых традыцыях, у аснове якіх – павага да гісторыі. І ў гэтым наша праўда, наша сіла, наша няскоранасць.

Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.

Фота аўтара.