Ацэнка за выгляд. Камісія ацаніла вынікі нядаўняга месячніка па добраўпарадкаванні ў Ляхавічах і на прылеглых тэрыторыях

Добраўпарадкаванню, навядзенню чысціні і парадку на Ляхавіччыне надаецца максімальная ўвага. Сведчанне таму – шматлікія тэматычныя месячнікі і працоўныя дэсанты, акцыі па азеляненні і суботнікі…

Актыўны ўдзел у справе прымаюць не толькі дарослыя, але і маладое пакаленне. Стан тэрыторыі прадпрыемстваў і арганізацый, земляў агульнага карыстання на пастаянным кантролі ўлады, санітарнай і пры-родаахоўнай службаў.
16 лістапада камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Аляксеем Галяком у складзе галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Віталія Ціханава, начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марыны Завадскай і галоўнага спецыяліста аддзела землеўпарадкавання Ірыны Партас разам з «ЛВ» ацаніла вынікі нядаўняга месячніка па добраўпарадкаванні ў горадзе і на прылеглых тэрыторыях.
На маршруце рэйду – тэрыторыя райбальніцы, раённых электрасетак, раёна газазабеспячэння, РАНС, РАУС і іншых. Як вынеслі вердыкт «экзаменатары», гэтым арганізацыям можна ставіць высокую адзнаку за навакольны пейзаж – у любы час года тут парадак. Чаго не скажаш пра санітарную сітуацыю каля магазіна «Капеечка» па завулку Пушкіна.
У бетоннай кветачніцы прыжылося пустазелле, а побач з гандлёвай кропкай суседнічаюць смецце з зараснікамі кустоўя (фота 1).

1


Часам прыгожы фасад з вуліцы хавае не зусім прывабны выгляд у двары. Тэрыторыя за гандлёвымі аб’ектамі на вуліцы Цітовіча належыць райпо. Агульны выгляд тут псуе зламаная, уся ў галлі агароджа. Кустоўе высечана, але не даведзена да ўладкаванага фінішу.
Вуліца Вакзальная. Работу над памылкамі тут, па словах камісіі, трэба зрабіць райпо і камунгасу. Вокны выстаўленага на продаж склада спажывецкага таварыства глядзяць пустымі праёмамі, а ўздоўж агароджы густое кустоўе… Камунгасу ж трэба звярнуць увагу на клін няскошанай травы недалёка ад чыгуначнага вакзала. Гэта той выпадак, калі не ў час выкананыя работы перакрэсліваюць агульнае ўражанне ад так званых «гарадскіх варот», якімі ўмоўна з’яўляецца станцыя «Ляхавічы» Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі.
Бяспека – адзін з галоўных складнікаў жыцця і працы. Пажарны вадаём, змешчаны на тэрыторыі ПМК-13, – узор таго, як не павінна быць. На падыходзе да вады апалае лісце, а пірс даўно патрабуе нават не рамонту – замены: з канструк-цыі павывальваліся драўляныя дошкі, якія прыйшлі ў непрыдатнасць (фота 2).

2


На апаратнай нарадзе ў мінулы панядзелак падведзены вынікі месячніка па добраўпарадкаванні г. Ляхавічы і населе-ных пунктаў сельсаветаў. Начальнік аддзела архі-тэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама адзначыла, што рэйд, праведзены пасля завяршэння месячніка паказаў, што арганізацыі, такія як «Джэнтры», «Экаканцэпт», ПМК-13, райпо і іншыя, не давялі да завяршэння работы па навядзенні парадку на падведамасных тэрыторыях. А ДЭУ-24 і ДЭУ-23 не надаюць належную ўвагу стану прыдарожных насаджэнняў.Намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк адзначыў, што некаторыя арганізацыі і прадпрыемствы безадказна аднесліся да высечкі кустоўя і старых дрэў у так званай прамысловай зоне. А таксама ўказаў камунгасу на неабходнасць навядзення парадку на могілках. Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч працягнуў тэму і даручыў ачысціць там кантэйнеры з цвёр-дымі камунальнымі ад-ходамі ў бліжэйшы час.
Кіраўнік раёна Мікалай Мароз падкрэсліў, што любоў да Радзімы, роднага краю пачынаецца з жадання ўпрыгожыць тое месца, дзе жывеш і працуеш. У кожнага аб’екта маецца гаспадар, таму і адносіцца неабходна па-гаспадарску, рэзюмаваў старшыня райвыканкама.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.