Час дзейнічаць!Як зрабіць жыццё ў нашым райцэнтры больш цікавым, разважала моладзь Ляхавіччыны

Каб прыцягнуць моладзь да актыўнага дыялогу, аддзелы арганізацыйна-кадравай, а таксама ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Ляхавіцкі аграрны каледж выбралі фармат семінара-практыкуму, які назвалі «Час маладых».

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

22 лістапада ў ЛАКу сабраліся маладыя спецыялісты – медыкі, педагогі, аграномы, інжынеры, культарганізатары і прадстаўнікі іншых прафесій.
З прывітальным словам да іх звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч і дырэктар ЛАКа Ірына Прыступа-Юнік.
Святлана Юрлевіч адзначыла, што сёння моладзь зараджае энтузіязмам і нераўнадушнасцю, а яе ініцыятывы не застаюцца на паперы – вітаюцца і ўвасабляюцца ў жыццё.
Сустрэча прайшла ў інтэрактыўным рэжыме, падчас якога маладыя спецыялісты былі не пасіўнымі гледачамі, а своеасаблівымі экспертамі па пастаноўцы праблем, якія, на іх погляд, маюцца ў раёне, вызначэнні шляхоў іх вырашэння і прапаноўвалі магчымасці выпраўлення сітуацыі. Намеснік дырэктара каледжа псіхолаг Таццяна Траццяк майстарскі выкарыстала разнастайныя трэнінгі і практыкаванні для стварэння атмасферы сяброўства і даверу. Маладыя людзі падзяліліся сваімі інтарэсамі і значнымі падзеямі за апошні час, расказалі пра любімыя кнігі і пра свае жаданні…
Тэм для размовы было нямала, і на кожную ў юнакоў і дзяўчат маюцца факты і аргументы. Маладыя людзі, раздзеленыя па групах, сфармулявалі пытанні, на якія, на іх погляд, патрэбна рэагаванне. Напрыклад, на пытанне, чаму моладзь сумуе, паступілі самыя розныя і нават нечаканыя адказы: няма басейна, патрэбен каток, магазін спартыўных тавараў, кніжны магазін, музей, начны клуб… Былі і такія меркаванні, што для настрою трэба квэст для дарослых, дыскатэкі, грошы, і шопінг і іншыя забавы. Па кожным
пункце намеснік старшыні райвыканкама дала каментарыі, кожны прааналізавала на магчымасць рэалізацыі.
Вынік семінара-практыкуму падвялі станоўчыя ўражанні маладых спецыялістаў ад сустрэчы з равеснікамі. Аказалася, што многія з іх з’яўляюцца аднадумцамі і добра адчуваюць сябе ў камандзе.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.