Па бацькавых слядах пайшоў Іван Патаповіч з СВК «Ляхавіцкі»

Іван Патаповіч

Бацькоўскі дом Івана Патаповіча ў Гаслаўшчыне, жывыя і здаровыя маці Марыя Пятроўна, бацька Іван Станіслававіч. Яны заўсёды дзяцей прывучалі да працы. Марыя Пятроўна была даяркай. Гэта цяпер у “Ляхавіцкім” адзін з лепшых у раёне сучасны малочны комплекс, на якім працуецца зручна і вынікова – у радасць. Яе пакаленню даводзілася цяжэй, але яны, як кажуць, спраўляліся, узначальвалі раённае спаборніцтва, бывала, і ў абласным перамагалі.

Побач з Марыяй Пятроўнай заўсёды быў муж, які працаваў тэхнікам па штучным асемяненні БРЖ. У гаспадарцы ўжо актыўна дзейнічала звяно па аднаўленні статка, вялася сур’ёзная селекцыйная работа. Цэлымі днямі прападалі на ферме. А дамашняя гаспадарка давяралася дзецям. Іван умудраўся яшчэ і на ферму прыбегчы, каб дапамагчы бацькам.

Пасля школы падаў дакументы ў сельскагаспадарчы тэхнікум на ветэрынарнае аддзяленне. Калі закончыў, бацьку якраз прыйшла пара ісці на заслужаны адпачынак. Але гэта толькі так называлася, бо Іван Станіслававіч яшчэ доўга вучыў сына прафесійнаму майстэрству. Сёння ён прызнаны спецыялістам першага класа. Гэты статус Іван Патаповіч-малодшы пацвярджае на раённых спаборніцтвах тэхнікаў па штучным асемяненні БРЖ. Сёлета таксама заняў першае месца. А яшчэ выйшаў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва сярод жывёлаводаў па выніках 2012 года.

Цяпер у Івана, як некалі і ў яго бацькоў, амаль няма вольнага часу. Пачатая дзесяцігоддзі назад сур’ёзная селекцыйная работа ў сельгаскааператыве працягваецца на новым сучасным узроўні. Звяно пад кіраўніцтвам заатэхнікаў-селекцыянераў Галіны Ксёнжык і Святланы Новік, у склад якога ўваходзіць і Іван Патаповіч, працуе паспяхова. У выніку статак папаўняецца высокапрадукцыйнай жывёлай: ужо ёсць каровы-рэкардысткі, якія здольны даваць у год па 12 000 кілаграмаў малака. На фермах, за якія адказвае Іван Іванавіч, на 100 кароў атрымліваюць 96 цялят – самы высокі паказчык у раёне.

– Сям’я Патаповічаў унікальная: сын не толькі пайшоў па бацькавых слядах, ён замяніў яго, прадоўжыў справу і дабіўся яшчэ больш значных вынікаў, – расказвае дырэктар райплемстанцыі Кацярына Фірусь.

Прафесійнай самарэалізацыі Івана Патаповіча садзейнічае і моцны “тыл” – яго сям’я, падрастаюць дачушка Вераніка і сынок Саша. Прыгожы асабняк у Русінавічах, які выдзеліў сельгаскааператыў сям’і Івана і Вольгі Патаповічаў, з вясны да восені ў кветках. Такая вось дынастыя.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *