Сэрвіс з біяметрыяй. Якія перавагі даюць біяметрычныя дакументы і каму іх абавязкова трэба аформіць

Ідэнтыфікацыйнае пасведчанне і біяметрычны пашпарт – дакументы, якія больш за год назад уведзены ў Беларусі. На змену папяровым пашпартам на тэрыторыі краіны прыйшлі ID-карткі, а для паездак за мяжу – біяметрычныя пашпарты.
Усяго з 1 верасня 2021 года з’явілася восем новых відаў дакументаў, што змяшчаюць біяметрычныя даныя.

Для таго, каб стаць іх уладальнікам, жыхарам раёна пры першасным атрыманні трэба звярнуцца ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі Ляхавіцкага РАУС. Для афармлення тут маюцца спецыяльнае абсталяванне і падрыхтаваныя кадры. Вядучы спецыяліст па рэгістры насельніцтва Таццяна Капцэвіч і пашпартыст аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Таццяна Цуба расказваюць, як адбываецца збор біяметрычных параметраў.
Для атрымання ID-карткі ў АГіМ трэба прадставіць стары пашпарт, пасведчанне аб заключэнні шлюбу і аб нараджэнні дзяцей (да 18 гадоў). На месцы на спецыяльным абсталяванні зробяць фатаграфію, здымуць адпячаткі пальцаў і правераць усю неабходную інфармацыю. У мінулым застаўся час, калі трэба было запаўняць анкеты – зараз гэта работа камп’ютара, а чалавек толькі звярае
даныя і распісваецца.
– З 1 верасня мінулага года ў аддзяленні выдадзена 188 ID-картак і 133 біяметрычныя пашпарты.
З пачатку года попыт на новыя дакументы павялічыўся, і на сёння нашы землякі атрымалі 144 ID-карткі і 107 біяметрычных пашпартоў. Іх, дарэчы, часцей робяць тыя, хто выязджае за мяжу. Калі грамадзянін не плануе такія паездкі, то атрымліваць гэты пашпарт не абавязкова. Ад звычайнага дакумента біяметрычны адрозніваецца ўбудаванай спецыяльнай мікрасхемай – чыпам, які
змяшчае прозвішча, імя, дату нараджэння ўладальніка пашпарта і біяметрычныя даныя (фотаздымак, адпячаткі пальцаў рук і іншыя персанальныя даныя). Зазначу, што зрабіць біяметрычны пашпарт можна толькі пры наяўнасці ідэнтыфікацыйнай карткі. ІD-картка выдаецца з 14 гадоў, аднак, па жаданні бацькоў, зрабіць яе для свайго дзіцяці можна з нараджэння. Для дзяцей і грамадзян, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні, картка бясплатная, для пенсіянераў і інвалідаў І і ІІ групы яе кошт – адна базавая велічыня, усіх астатніх грамадзян – 1,5 базавай, – адзначае часова выконваючы абавязкі начальніка АГіМ Юрый Дзямід.
У АГіМ таксама атрымалі пасведчанне на права жыхарства замежнага грамадзяніна на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь – сёлета адпаведны біяметрычны дакумент аформіў 91 чалавек, сярод якіх рускія, казахі, узбекі, украінцы і іншыя.
Трэба ведаць, што пашпарт-картка і стары папяровы – узору 1996 года – працуюць на аднолькавых умовах. За біяметрычнымі дакументамі звяртаюцца, як правіла, пасля заканчэння тэрміну дзеяння старога пашпарта ці са зменай прозвішча пасля ўступлення ў шлюб. Новыя дакументы паспелі ацаніць вадзіцелі-дальнабойшчыкі, у якіх з’явілася магчымасць мець два біяметрычныя пашпарты адначасова.
Напрыклад, адзін можна падаць у пасольства для атрымання візы, а па другім выехаць за мяжу.
Гэта пацвярджае і ляхавічанін Алег Урбановіч. Па сваёй прафесійнай дзейнасці ён часта перасякае мяжу. Дзеліцца, што, напрыклад, у адным біяметрычным пашпарце ў яго аформлена шэнгенская віза, а ў другім – англійская. Для тых, хто часта перасякае мяжу, цудоўная магчымасць зэканоміць час на афармленні дакументаў. Наяўнасць біяметрычных дакументаў паскарае праходжанне пагранічнага кантролю. Персанальныя даныя, унесеныя ў чып, адпавядаюць патрабаванням міжнароднай арганізацыі па грамадзянскай авіяцыі (ICAO). 

Зручны і фармат ID-карткі: невялікі па памеры пластык умяшчаецца побач з вадзіцельскімі правамі. Алег Урбановіч адчуў перавагі ID-карткі, і калі атрымліваў пасведчанне на перавозку небяспечных грузаў.
І гэта яшчэ адзін плюс біяметрыі – пашырэнне яе функцыяналу. Так, ідэнтыфікацыйная картка дае магчымасць ажыццяўляць юрыдычна значныя дзеянні ў электронным выглядзе з выкарыстаннем асабістага электроннага лічбавага подпісу. Адміністрацыйныя працэдуры можна праводзіць не выходзячы з дому. Толькі і трэба, што зайсці на сайт дзяржаўнай установы і стварыць асабісты кабінет, пасля запоўніць заяву і паставіць электронны подпіс.
Гэту сістэму апрабавала і ляхавічанка Святлана. Па родзе дзейнасці ёй даводзіцца працаваць з дакументамі, прывыкла, каб усё было дакладна. Таму біяметрыю парэкамендавала і сыну, які таксама аформіў новыя дакументы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.