Калі хочацца купіць усё. У магазіне «Паштавік» Ляхавіцкага гарадскога аддзялення сувязі заўсёды ўсё на вышыні

У магазіне «Паштавік» Ляхавіцкага гарадскога аддзялення сувязі заўсёды ўсё на вышыні:  і гандлёвая прапанова, і абслугоўванне

Калі ні зойдзеш у гэты   гандлёвы аб’ект – тут заўжды ёсць пакупнікі, а значыць прапанова і попыт. Размова ідзе пра пункт паштовай сувязі АПС «Ляхавічы-2», а для ляхавічан так па-роднаму – магазін «Паштавік». Сустракае мясцовых пакупнікоў ветлівая, прыемная, харызматычная аператар сувязі Анжэла Лапіч (на здымку). І, што асабліва важна, – сапраўдны прафесіянал сваёй справы.

Аператар сувязі Анжэла Лапіч дакладна ведае, што цікавіць пакупнікоў у залежнасці ад сезона. Вось, напрык-
лад, зімой асабліва запатрабаваны розныя салодкасці. Для арганізацый і не толькі тут шырокі выбар салодкіх падарункаў. І усё ў залежнасці ад таго, што жадае заказчык. Ды і так за навагоднім падарункам звяртаюцца. Няма чаго здзіўляцца – тут ёсць усё неабходнае: посуд, бялізна, пасцельныя рэчы, адзенне, сувеніры і шмат іншага. Запатрабавана і бакалея – асартымент уражвае. Адным словам, практычна ўсе тавары спажывецкага попыту.
А вось з вясной прыйдзе ажыятаж на насенне, мінеральныя ўдабрэнні і іншае. І ва ўсёй гэтай разнастайнасці так умела і прафесійна разбіраецца Анжэла Канстанцінаўна. Не дзіўна, бо ў гандлёвай сферы з 1993 года. А вось часткай калектыву пошты стала амаль 20 гадоў назад.
Многія падтрымаюць, што прыйсці ў гэты магазінчык і нічога не купіць – немагчыма, бо вопытны аператар сувязі знойдзе тое, што, як гаворыцца, трапіць у самае сэрца.
– Галоўнае, да кожнага пакупніка знаходзіць свой падыход, цікавіцца, што па душы, і прапаноўваць па гусце. Дарэчы, густы многіх я ўжо літаральна вывучыла, адразу ведаю, што варта прапанаваць, каб задаволіць пакупніцкі інтарэс. Прыемна, што і на перыёдыку ёсць попыт, асабліва на раёнку. Галоўнае, што ў нас каманда паштовая – надзейная і дружная. Працуюць людзі, якія сваю справу ведаюць.
Вось і ўвесь поспех, – сціпла разважае Анжэла Лапіч.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.