Наступны прыпынак – імя Міхаіла Пташука. У Ляхавічах з’явіўся «кіношны» прыпынак

Прозвішча земляка – славутага савецкага і беларускага кінарэжысёра Міхаіла Пташука – добра ведаюць і жыхары Ляхавіччыны. Штогод у студзені да чарговай гадавіны з дня яго нараджэння ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы, сустрэчы, кінапрагляды.

Не застаецца без увагі сядзіба на вуліцы Садовай у Федзюках, дзе прайшло маленства кінарэжысёра. У Ляхавічах адна з вуліц носіць імя Міхаіла Пташука, пра што нагадвае ўсталяваная памятная шыльда.
І вось днямі ў райцэнтры з’явіўся яшчэ адзін эксклюзіўны напамін пра вядомага земляка. Аўтобусны прыпынак на аднайменнай вуліцы ператварыўся ў імправізаваную здымачную пляцоўку. На маштабнай кінастужцы кадры з найбольш папулярных фільмаў рэжысёра Пташука «Вазьму твой боль», «Час выбраў нас», «У жніўні 44-га», «Знак бяды»… А таксама ўсталяваны макет здымачнай камеры. Гарадская абноўка прыйшлася даспадобы ляхавічанам, пра што сведчаць шматлікія водгукі ў інтэрнэце на гэту інфармацыю.
– Ініцыятыву землякоў падтрымала кіраўніцтва раёна. Былі выдаткаваны сродкі з мясцовага бюджэту, а работнікі камунгаса выкананалі асноўныя работы. Макет прыдумала майстар ЖКГ Святлана Саласцеева. Работнікі ўчастка добраўпарадкавання зрабілі кінаўстаноўку і здымачную кінастужку. Прыемна рабіць такія падарункі сваёй малой радзіме, – адзначае дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.
Атрымалася сапраўды прыгожа, стыльна і сімвалічна. І вельмі хочацца, каб такая цудоўная кампазіцыя як мага даўжэй радавала ляхавічан. А гэта ўжо залежыць ад кожнага з нас. Мы ў адказе за парадак у месцы, дзе жывём.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.