Старт па вертыкалі! «Вертыкаль» у мінулую пятніцу сабрала работнікаў выканаўчых і распарадчых органаў Ляхавіцкага раёна

Cпартакіяда «Вертыкаль» у мінулую пятніцу сабрала работнікаў выканаўчых і распарадчых органаў Ляхавіцкага раёна паспаборнічаць і вызначыцца, хто спрытнейшы, хутчэйшы, мацнейны.

Арэнай, дзе разгарнулася «Вертыкаль», стала СДЮШАР. Знаёмімся з камандамі: каманда райвыканкама – «Малая радзіма – Ляхавічы», раённага Савета дэпутатаў – «Патрыёты», сельскагаспадарчай галіны – «Мы», сацыяльную сферу прадстаўляў «Сацпакет», эканамічную галіну – «Вышэйшая ліга», будаўнічую – «Цудоўная дзявятка».
Напал эмоцый і хваляванняў узрастаў ад этапу да этапу, падтрымка адчувалася ад кожнай каманды, кожны жадаў заняць ганаровае месца на пераможным п’едэстале.
Дартс, настольны тэніс, шашкі, шахматы, більярд, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, згінанне і разгінанне рук ва ўпоры лежачы – праз усе гэтыя спартыўныя перыпетыі давялося прайсці ўдзельнікам «Вертыкалі». Не памылюся, калі скажу, што кожная каманда ці хтосьці з яе членаў займалі пераможныя месцы як у камандных заліках, так і індывідуальных.
А вось пакарыць галоўную прыступку атрымалася ў прадстаўнікоў будаўнічай вертыкалі – «Цудоўнай дзявяткі»; другімі сталі «Патрыёты» (каманда раённага Савета дэпутатаў), трэцімі –
спартсмены сацыяльнай сферы з «Сацпакета».
Віншаванні пераможцам і да сустрэчы на новых стартах!
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.