Лета «робяць» на кансервавым у Ляхавічах

Багаты асартымент, адменны смак і прымальная цана – так гавораць спажыўцы пра прадукцыю ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”. Тутэйшыя майстры асвоілі і пусцілі на паток больш як 80 найменняў кансерваў. Нядаўна дабавілі ў асартымент яшчэ 6 відаў закусак з фасоляй.

Здаецца, што ляхавіцкія агароднінныя кансервы заўсёды былі на рынку па-за канкурэнцыяй. І сёння на складах завода толькі іх стратэгічны месячны запас. З задавальненнем закупляюць прадукцыю нашага прадпрыемства ўсе абласныя бакалеі, вельмі карыстаецца яна попытам на Віцебшчыне, у сталіцы, пастаўляецца ў бальніцы і воінскія часці. За 10 месяцаў завод выпусціў 23 мільёны ўмоўных слоікаў кансерваў, прычым, большая частка з іх у слоіках пад накрыўкай “твіст-оф”, з яркімі этыкеткамі, якія вабяць пакупнікоў. Гэта прадукцыя з нядаўна пабудаванага цэха, выпускаецца на новым абсталяванні, па новых тэхналогіях.

Кансервавы завод – старэйшае прадпрыемства нашага райцэнтра, якое было ўтворана ў пасляваенныя гады. І заўсёды славілася сапраўднымі майстрамі-кансерваўшчыкамі – гонарам прадпрыемства. Вось і нядаўна ў калектыве ўшаноўвалі перадавых рабочых Уладзіміра Ганчарыка і Дзмітрыя Бунеля. Добрыя традыцыі прадпрыемства тут захоўваюцца і прымнажаюцца пад нязменным кіраўніцтвам дырэктара Леаніда Лейчанкі.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *