Чацвёртыя з 24 каманд. Як выступілі ляхавіцкія спартсмены на абласной спартакіядзе па лёгкай атлетыцы

Выдатнымі спартыўнымі дасягненнямі завяршаюць 2022-і выхаванцы Ляхавіцкай СДЮШАР.

Абласная спартакіяда па лёгкай атлетыцы сярод СДЮШАР і ДЮСШ сабрала юнакоў і дзяўчат 2006-2007 гадоў нараджэння. Сярод асноўных дысцыплін – бег на розныя дыстанцыі, скачкі, спартыўная хадзьба, штурханне ядра і іншыя.
Гонар кожнай дружыны адстойвалі сямёра юных спартсменаў. Выхаванцы Ляхавіцкай СДЮШАР паказалі майстар-клас, чарговы раз пацвердзіўшы дастойную лёгкаатлетычную школу Ляхавіччыны.
У пяцібор’і роўных не было Крысціне Рэпінай, якая заваявала залаты медаль. Двойчы сярэбранай прызёркай спартакіяды стала Ева Кудравец – у бегу на тры тысячы метраў і паўтары тысячы метраў з перашкодамі. Цімур Плеўскі двойчы падымаўся на другую прыступку п’едэстала гонару ў спартыўнай хадзьбе. Ёсць у скарбонцы ляхавіцкай зборнай і бронза, якую заваявала ў пяцібор’і Валянціна Ляўковіч.
У агульнакамандным заліку Ляхавіцкая СДЮШАР стала чацвёртай з 24 каманд. А прывялі рабят да поспеху трэнеры-выкладчыкі Алена Ульянава і Андрэй Іванюценка.
Галіна КАНЬКО.