Аплот дзяржавы і дэмаграфічная бяспека. У Ляхавіцкім раёне падчас адзінага дня інфармавання пра ролю сямейных каштоўнасцяў гаварыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзій Балбатоўскі

У тыдзень бацькоўскай любві нават самыя сур’ёзныя мерапрыемствы прысвечаны тэме важнасці моцнай сям’і.
У Ляхавіцкім раёне падчас адзінага дня інфармавання пра ролю сямейных каштоўнасцяў у сучасным грамадстве, дзяржаўную падтрымку сем’яў і ахову дзяцінства, гарантыі для бацькоў гаварыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзій Балбатоўскі, які сустрэўся з калектывам УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ».
У мерапрыемстве, што прайшло ў фармаце дыялогу, прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, начальнік прадстаўніцтва Брэсцкага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ала Рашатнёва.

Генадзій Балбатоўскі падкрэсліў, што сям’я – аплот дзяржавы і дэмаграфічнай бяспекі. Згодна з вынікамі сацыялагічнага даследавання, найбольшай каштоўнасцю для беларусаў нараўне са здароўем з’яўляюцца дзеці – так адказалі 68,8 працэнта рэспандэнтаў, а 65 працэнтаў указалі сям’ю. Генадзій Балбатоўскі абазначыў, што традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, якія культывуюцца
ў нашай дзяржаве, адзіна правільныя. І гэта не тыя каштоўнасці, якія навязваюцца нам «прагрэсіўным» Захадам, і якія накіраваны на прыніжэнне ролі сям’і.
Рэспубліка Беларусь з’яўляецца сацыяльна арыентаванай дзяржавай, і штогод каля трох працэнтаў ВУП накіроўваецца менавіта на падтрымку сем’яў. Летась гэта лічба склала больш за 8 мільярдаў рублёў, з якіх 3,5 мільярда – разнастайная дапамога. У цэнтры дзяржаўнага клопату – дзіцячае аздараўленне, адпачынак і лячэнне. У пацвярджэнне Генадзій Балбатоўскі прывёў некалькі лічбаў.
– Штогод рэспубліканскаму цэнтру па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні на адпаведныя мэты з бюджэту льготным катэгорыям выдзяляецца сума ў эквіваленце каля 100 мільё-
наў долараў. І каля 70 працэнтаў гэтых сродкаў ідзе на лячэнне і аздараўленне дзіцячага насельніцтва. Летась больш за 700 тысяч дзяцей прайшлі аздараўленне і лячэнне ў нашых установах, – адзначыў Генадзій Балбатоўскі і дадаў, што падчас мінулай летняй аздараўленчай кампаніі санаторна-курортным лячэннем і аздараўленнем за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і фонду дзяржаўнага сацыяльнага страхавання было ахоплена амаль 400 тысяч дзяцей.
Перад сустрэчай з калектывам ЦРБ Генадзій Балбатоўскі пазнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічным аснашчэннем райбальніцы і ацаніў яго са станоўчага боку. Сярод адносна нядаўніх медыцынскіх абновак – камп’ютарны тамограф, на якім абследаванне праходзяць не толькі жыхары Ляхавіцкага раёна. Генадзій Балбатоўскі адзначыў і арганізацыю планавага рамонту стацыянара, які не паўплываў на якасць аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву. А пасля завяршэння ўсіх будаўнічых работ узровень медабслугоўвання толькі павысіцца. У цэнтры ўвагі і ўкамплектаванасць райбальніцы кадрамі. Галоўны ўрач райбальніцы Аляксей Майсей падзяліўся, як будзе вырашацца адно з праблемных пытанняў, што хвалюе насельніцтва: з лістапада ў паліклініцы адзін раз у тыдзень будзе весці прыём урач-афтальмолаг, якога вельмі чакалі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

