Лядовыя кампрамісы. Аматарам падлёднай рыбалкі варта памятаць, што жыццё даражэй за рыбацкую ўдачу

Захапленне і азарт ці бяздумнасць і абыякавасць да ўласнай бяспекі? Такое хобі, як зімовая рыбалка, выклікае нямала спрэчак.
Няма патрэбы далёка ехаць, каб убачыць наступную карціну: не паспеў мароз прыхапіць водную гладзь ільдом, як тут жа на рачной паверхні з’яўляюцца рыбакі…

Старшыня раённай арганізацыі Асвода Віктар Прыхач нагадвае, што распараджэннем кіраўніка райвыканкама забараняецца выходзіць на лёд, пакуль яго таўшчыня не дасягне сямі сантыметраў.
Аднак далёка не ўсе аматары зімовай рыбнай лоўлі прытрымліваюцца правілаў, некаторыя адкрыта грэбуюць забаронай, маўляў, са мной нічога не здарыцца. Такая неасцярожнасць і няўважлівасць могуць прывесці да трагедыі. Толькі з пачатку года ў Беларусі патанулі больш за пяць чалавек. Два гады назад рыбак патануў у Зубелевічах, летась выратавальнікі двойчы выцягвалі з ледзяной вады рыбакоў, якіх не вытрымаў лёд.
– Цяпер істотныя перапады тэмпературы, якая апошнімі днямі часта плюсавая. Зразумела, лёд становіцца крохкім, яго таўшчыня можа складаць усяго да паўтара сантыметра, што ні ў якім разе недапушчальна для выхаду на яго. З-за такой бесклапотнасці можна развітацца з жыццём, – падкрэслівае Віктар Прыхач.


Каб папярэдзіць трагедыю, супрацоўнікі РАНС, Асвода, РАУС амаль штодзённа арганізуюць рэйды па папулярных у рыбакоў месцах, праводзяць папераджальныя гутаркі са смельчакамі, якія ў такіх экстрэмальных умовах, рызыкуючы жыццём і здароўем, выходзяць на зімовую рыбалку. Прычым далёка не ўсе маюць з сабой нават самыя неабходныя выратавальныя рэчы – камізэлькі, вяроўкі з грузам і іншыя спецыяльныя прыстасаванні.
– Адны лічаць, што бяда іх не датычыцца, іншыя гавораць, што выратавальныя рэчы ў іх ёсць, але з сабой не бяруць ці забыліся пра іх. Нямала і тых, хто ўважліва слухае і згаджаецца, што лёд утойвае небяспеку, – гаворыць Віктар Прыхач.
Але, напэўна, ніякія ўгаворы і нагадванні не будуць дзейснымі, пакуль чалавек сам не ўсвядоміць – уласная бяспека ў яго руках. Будзьце асцярожнымі і ўважлівымі!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.