Каледж ад сесіі да сесіі. У Ляхавіцкім аграрным каледжы вынікі першага семестра падводзіць зімовая экзаменацыйная сесія

У Ляхавіцкім аграрным каледжы вынікі першага семестра падводзіць зімовая экзаменацыйная сесія, якая стартавала 10 студзеня. Ветфельчары, аграномы, плодаагароднікі і заатэхнікі з розных курсаў і груп у суме пакажуць веды па 37 іспытах.

Аграномам, напрыклад, у залежнасці ад курса, трэба здаць ад аднаго да трох экзаменаў, у агульным пераліку якіх беларуская ці руская мовы, устройства трактароў, ахова працы, абарона раслін, правілы дарожнага руху, насенняводства з асновамі селекцыі, кормавытворчасць, раслінаводства і арганізацыя сельгасвытворчасці, дзеліцца намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Яўгенія Рытвінская.
Узнагародай за працу стануць канікулы, якія пачнуцца 23 студзеня і прадоўжацца да 5 лютага.
Адказны час у старшакурснікаў – выпускнікоў. Заатэхнікі і плодаагароднікі здаюць дзяржаўныя экзамены ўжо ў лютым, у сакавіку – аграномы. Па традыцыі завяршаюць гэту адукацыйную кампанію ў красавіку ветфельчары.
Навучэнец 11 «агра» групы Іван Беляновіч экзаменацыйную сесію здае першы раз. Хоць і трэба паказаць веды толькі па адным прадмеце – рускай мове – трохі хвалюецца. Дзеліцца, што вучыцца на агранома яму падабаецца.
Узнагароды, якія атрымліваюць за працу кіраўніцтва і выкладчыкі агракаледжа сведчаць пра высокі ўзровень арганізацыі навучальнага працэсу. Дырэктар каледжа Ірына Прыступа-Юнік нядаўна ўзнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую педагагічную дзейнасць, значныя поспехі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў, Падзякай Міністэрства адукацыі адзначана намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Наталля Кірмель.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.