Цукеркі для радасці. Падапечныя ЦКРНіР атрымалі ад старшыні Брэсцкага аблвыканкама і галоўнага ўпраўлення па адукацыі салодкія падарункі

Нягледзячы на тое, што рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці” фінішавала ў сярэдзіне студзеня, дарослыя працягваюць дарыць радасць дзецям.
19 студзеня ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі было весела і святочна. Тут па традыцыі працягваюцца калядныя віншаванні, да якіх далучаюцца як землякі, так і госці. Вялікая дзяржаўная ўвага да асаблівых рабят. Падапечныя ЦКРНіР атрымалі ад старшыні Брэсцкага аблвыканкама Юрыя Шулейкі і галоўнага ўпраўлення па адукацыі трохкілаграмовыя салодкія падарункі, якія перадала дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Таццяна Жук. Яна шчыра пажадала рабятам, каб яны часцей усміхаліся і былі здаровымі.
Упрыгажэннем калядных віншаванняў стала тэатралізацыя, падрыхтаваная навучэнцамі ўстаноў адукацыі Ляхавічаў і царквой “Прымірэнне”. Сардэчна і цікава пажадалі хлопчыкам і дзяўчынкам самага добрага і навучэнцы аграрнага каледжа, якія падрыхтавалі гульнёвую праграму і падарункі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.