Гатоўнасць дапамагаць. Супрацоўнікаў РАНС з прафесійным святам павіншавала кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна і ўручыла лепшым з лепшых узнагароды

БОЛЬШ ФОТА НА САЙЦЕ

Служу Рэспубліцы Беларусь! – ганарова вымаўляюць ваеннаслужачыя і міліцыянеры, калі ім уручаюць заслужаныя ўзнагароды.

Ва ўрачыстым спісе гэтымі днямі і супрацоўнікі Ляхавіцкага раённага аддзела па надвычайных сітуацыях. У сваё прафесійнае свята многія з іх атрымалі за добрасумленную службу, прафесіяналізм і адданасць справе граматы, падзякі рознага ўзроўню, нагрудныя знакі МНС «Выдатнік» і юбілейныя медалі «20 гадоў органам і падраздзялен-ням па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь», званні.
Супрацоўнікаў РАНС з узнагародамі і прафесійным святам павіншавала кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна і ўручыла лепшым з лепшых граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета дэпутатаў.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што Дзень выратавальніка – свята сапраўдных мужчын, якія першымі прыходзяць на дапамогу тым, хто трапіў у бяду, шчыра пажадаў прафесійнага росту і поспехаў, здароўя і міру.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса Юрый Чаранкевіч падкрэсліў, што важнасць працы выратавальнікаў-пажарных, якія выратоўваюць жыцці зусім незнаёмых для іх людзей, дапамагаюць у розных складаных сітуацыях, немагчыма пераацаніць. І заўсёды яны дзейнічаюць аператыўна і прафесійна.
Да шматлікіх слоў прызнання і пажаданняў калектыву РАНС далучылася і раённая арганізацыя БРСМ. Ад райкама БРСМ – салодкія падарункі.
Прафесійнае свята адзначана і віншавальным маршрутам – сваім калегам-ветэранам, якія заўсёды ў страі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, шчырыя пажаданні адрасавалі начальнік РАНС Юрый Буйкевіч, намеснік начальніка Дзмітрый Берташ разам з навучэнцамі аграрнага каледжа – членамі БРСМ.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.