Дыялог для вясковага камфорту

Сёння ў Жарабковіцкім сельсавеце, тэрыторыя якога займае 10 працэнтаў агульнай плошчы раёна, пражывае больш як дзясятая частка ўсяго насельніцтва Ляхавіччыны. Самыя буйныя населеныя пункты – аграгарадкі Жарабковічы і Падлессе. Менавіта ў апошнім і прайшоў чарговы сход грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Святочная спадчына
Пра тое, што многае ў аграгарадку змянілася ў лепшы бок падчас падрыхтоўкі да раённых «Дажынак» у 2021 годзе, нагадала ў сваёй справаздачы старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама Ніна Булатая. Пасля свята мясцовым жыхарам засталіся заасфальтаваныя аграгарадскія вуліцы, добраўпарадкаваныя тэрыторыі, падрамантаваныя адміністрацыйныя і іншыя будынкі, абноўленыя агароджы.
Для падтрымання парадку і летась праведзены немалы аб’ём работ. Яны, дарэчы, і сёлета не спыняюцца – зносяцца пустуючыя дамы і аварыйныя дрэвы, тэрыторыі азеляняюцца, рэстаўруюцца помнікі і абеліскі на брацкіх магілах. Многае робіцца сіламі ААТ «Жарабковічы», многае – спецыялізаванымі службамі, далучаецца і насельніцтва.
Але пытанняў, зразумела, хапае. І многія з іх прагучалі на сходзе ў адрас той ці іншай службы. Але спачатку былі пытанні і прапановы да саміх вяскоўцаў.

Прафілактычны акцэнт
Мэтай выступленняў начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Юрыя Буйкевіча і начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргея Хмарука было засцерагчы насельніцтва ад вогненнай небяспекі і злачынных замахаў. Тым больш, што і колькасць пажараў (у асноўным па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём), і колькасць злачынстваў (пераважна крадзяжоў шляхам свабоднага доступу да маёмасці) на тэрыторыі сельсавета за мінулы год выраслі. Акрамя таго, размова ішла пра надзвычай актуальныя сёння злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій і традыцыйна вострыя – у сферы сямейна-бытавых адносін. Асобны акцэнт – на наступствы парушэння антыалкагольнага заканадаўства і злоўжывання спіртным – статыстыка і тут трывожная.
Газ і вада
Прыродны газ прыйшоў у аграгарадкі Падлессе і Жарабковічы зусім нядаўна. На гэта было накіравана амаль два мільёны рублёў з абласнога бюджэту і сродкі УП «Брэстаблгаз». Такая абноўка прынесла многім мясцовым жыхарам і доўгачаканую магчымасць ацяпляць дамы газавымі катламі. Але не ўсіх гэта перспектыва задаволіла, знайшліся жадаючыя падключыць электраацяпленне. Як патлумачыў начальнік раёна электрасетак Віктар Станкевіч, для гэтага таксама патрэбна неабходная інфраструк-тура, нятанныя работы, на якія ў выпадку газіфікацыі населенага пункта дзяржаўныя сродкі і грошы энергетычнага ведамства не прадугледжаны. Тым не менш, абмеркаваць некаторыя пытанні і нюансы паабяцалі ў прыватным парадку.
Дарэчы, разам з газіфікацыяй Падлесся ў тутэйшых жыхароў з’явілася яшчэ адна мара. Падчас сходу яны перадалі старшыні райвыканкама Мікалаю Марозу калектыўную просьбу разгледзець магчымасць будаўніцтва ў аграгарадку модульнай газавай кацельні для падключэння жылых дамоў і Падлескай базавай школы. Да старой кацельні і яе работнікаў у жыхароў Падлесся накапілася нямала прэтэнзій, якія зала агучыла дырэктару КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэю Чайкоўскаму. Старшыня райвыканкама даручыў кіраўніку камунгаса прапрацаваць пытанне будаўніцтва модульнай кацельні ўжо сёлета, не адкладваючы справу на наступны год. Па перакананні кіраўніка раёна, фінансавыя затраты, якія камунальная служба сёлета нясе на будаўніцтва газавай кацельні ў аграгарадку Конькі, не павінны перашкаджаць жыхарам Падлесся атрымліваць цяпло – пытанне трэба пастарацца вырашаць паралельна.
Яшчэ адна кропка напружання для Падлесся – стан водаправоднай вады. Няякасная і ржавая – літаральна ў адзін голас сцвярджалі мясцовыя жыхары. І калі наконт першага сцвярджэння кіраўнік камунгаса мог паспрачацца (паказчыкі вады на выхадзе са станцыі абязжалезвання неаднойчы правераны і адпавядаюць нарматывам), то брудна-рыжы колер вадкасці з крана, прадэманстраваны у тым ліку з дапамогай відэа, быў вельмі красамоўны.
– Працуе станцыя абязжалезвання. Замянілі водаправод цэнтральны і на некаторых вуліцах. Але старыя сеткі яшчэ засталіся, трэба мяняць урэзкі, – патлумачыў сітуацыю Андрэй Чайкоўскі.
Тое, што вада праходзіць па ржавых трубах і не можа застацца празрыстай, – лагічна. Але зразумела і тое, што людзей такі вынік не задавальняе. Тым больш, мясцовыя сцвярджаюць: калі пару гадоў назад станцыю толькі ўвялі ў дзеянне, сітуацыя з вадой была лепшай.
У бліжэйшы час разабрацца, што стварае праблему, – старыя сеткі, непрамытыя фільтры ці яшчэ што-небудзь і, нарэшце, зрабіць, каб вада была чыстай, – катэгарычнае патрабаванне старшыні райвыканкама. Іржавая вада не толькі стварае мноства нязручнасцяў для насельніцтва, але і сведчыць, што дзяржаўныя грошы, укладзеныя ў будаўніцтва станцыі абязжалезвання, вы-карыстаны неэфектыўна. Бо гэта якраз тая сітуацыя, у якой ацэньваецца вынік, а не працэс.

Усё, што хвалюе
Людзі скарысталіся магчымасцю і расказвалі пра ўсё, што хвалюе: ліхтары, якія не працуюць, ямы на асфальце, недастаткова частае, па іх меркаванні, грэйдзіраванне дарог, халадзільнае абсталяванне ў магазіне райпо, што патрабуе замены, водаадводную трубу, якой неабходна прачыстка, і многае іншае. Большасць пытанняў узята на кантроль да поўнага вырашэння. Па некаторых адразу на сходзе дадзены тлумачэнні.
Напрыклад, прагучала пажаданне, каб замест базавай школы ў Падлессі адкрылі сярэднюю.
52 школьнікі і адна група дашкалят – лічбы, на жаль, не даюць падставы спадзявацца, што зараз такая рэарганізацыя мэтазгодна, заўважыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Хаця з часам станоўчае вырашэнне пытання магчыма: калі з вёскі не будзе выязджаць моладзь, калі маладыя спецыялісты пасля адпрацоўкі будуць заставацца ў сельскай мясцовасці, адпаведна, палепшыцца дэмаграфічная сітуацыя.
А для гэтага, падкрэсліў Мікалай Мароз, неабходна стварыць адпаведныя ўмовы: забяспечыць маладых (і не толькі) працай і дастойнай зарплатай, па максімуму захаваць на вёсцы сацыялку, пасадзейнічаць з жыллём. Пэўныя і канкрэтныя крокі для гэтага ў нашым раёне робяцца, у тым ліку ў Падлессі. Тут у бліжэйшы час будзе завершана будаўніцтва сучаснага малочнатварнага комплексу. А гэта працоўнае месца для 30-40 чалавек, добрыя ўмовы працы, магчымасць нядрэнна зарабіць.
Уздымаліся і некаторыя пытанні медабслугоўвання. Урач, які працуе ў Падлескай урачэбнай амбулаторыі, выязджае на прыём і ў іншыя медустановы, дзе пакуль няма доктара. Таму, зразумела, прыём у Падлессі праводзіцца не штодзень, пра што з жалем выказваліся некаторыя грамадзяне. Ды і лабараторыі, маўляў, не хапае, каб здаваць аналізы на месцы. Медыкі ж паскардзіліся на праблемы з транспартным забеспячэннем: як дабрацца да аддаленых вёсак ці тэрміновага пацыента без машыны? Што датычыць медабслугоўвання, тлумачэнні даў загадчык паліклінікі ЦРБ Анатолій Панько. А кіраўнік раёна парэкамендаваў падключыцца да вырашэння транспартнага пытання мясцовай гаспадарцы. Заадно нагадаў вяскоўцам, што тое, наколькі малады ўрач затрымаецца ў Падлессі, у многім залежыць і ад іх.
– Так, праблем хапае. Але ўсе вырашальныя. Калі не сёння, то праз тыдзень, праз месяц, на працягу года, – рэзюмаваў старшыня райвыканкама і даў слушную параду: – А наогул, не варта цэлы год чакаць падобнага сходу, каб агучыць свае пытанні. Многія праблемы можна вырашыць аператыўна, калі звярнуцца у сельвыканкам, камунгас ці іншую адказную службу, на прамыя лініі кіраўніцтва раёна, што праходзяць кожную суботу з 9.00 да 12.00. Усе гатовы вас выслухаць.
І няхай градус напружання часам станавіўся дастаткова высокім, і не ўсе маглі стрымаць эмоцыі – размова атрымалася канструктыўнай і выніковай, чым, відавочна, былі задаволены абодва бакі дыялогу. Людзі, якія прыйшлі з набалелым, засталіся ўпэўненымі, што іх пачулі. Прадстаўнікам улады і кіраўніцтва службаў і арганізацый чарговая сустрэча на мясцовасці дала карысныя арыенціры для ўнясення паправак у тую ці іншую работу, планы і накірункі дзейнасці, што зробіць іх яшчэ больш выніковымі. А жыццё мясцовага насельніцтва, адпаведна, больш камфортным.
Святлана СТЫКУЦЬ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.