Лыжна, трапна і весела

Па-спартыўнаму азартна было на працягу трох дзён у аграгарадку Мір Баранавіцкага раёна.

З 31 студзеня па 2 лютага мясцовая лыжная траса прымала ўдзельнікаў абласнога спаборніцтва сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
На старт выйшлі прадстаўнікі каманд з усіх 16 раёнаў Брэстчыны, а таксама з Брэста, Пінска і Баранавічаў. Кожны дзень зімовых стартаў быў даволі насычаным. Арганізатары пастараліся стварыць добрыя ўмовы і для трэніровак і спаборніцтваў, і для адпачынку. З-за адсутнасці належнай колькасці сапраўднага снегу трасу для юных біятланістаў уладкавалі штучным снегам.
– У зборную Ляхавіччыны ўвайшлі пераможцы раённага этапу «Снежнага снайпера». Найбольшае прадстаўніцтва – шэсць юных спартсменаў з СШ № 2, па два – з Малагарадзішчанскай Жарабковіцкай школ, па адным – з Востраўскай СШ і гімназіі. Усе рабяты стараліся выступіць дастойна. Шкада толькі, што надвор’е і адсутнасць снегу не дазволілі добра патрэніравацца, – расказвае метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Анастасія Карчэўская.
Малодшыя біятланісты пера-адольвалі тры кругі па 600 метраў з двума агнявымі рубяжамі. Рабяты сярэдняга ўзросту змагаліся за перамогу на дыстанцыі ў тры кругі па 800 метраў, а старэйшыя – тры кругі па тысячы метраў. Заключным этапам стала змешаная эстафета, у кожнай камандзе было па два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі.
Па выніках абласнога этапу сфарміравана зборная спартыўная дружына, якая прадставіць Брэстчыну спартыўную ў рэспуб-ліканскім фінале «Снежнага снайпера».
Галіна КАНЬКО.