Паміж вайной і мірам. У Беларусі сёння Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Алжыр, Ангола, Егіпет, Сірыя – кропкі, гарачыню якіх у прамым і пераносным сэнсах адчулі на сабе нашы суайчыннікі – воіны-інтэрнацыяналісты. Асабліва драматычная старонка звязана з афганскай вайной. Трыццаць чатыры гады назад – 15 лютага 1989 года – апошні савецкі салдат пакінуў Афганістан. Менавіта гэта дата адзначаецца ў Беларусі як Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Афганская старонка ёсць і ў лёсе ліпчан Віктара Дыдышкі і Міхаіла Дыдышкі.

За дзевяць гадоў адзін месяц і 18 дзён праз афганскае пекла прайшлі амаль 29 тысяч савецкіх грамадзян. У сумным спісе загінулых на той вайне значацца і тры нашы землякі: радавыя Уладзімір Малахвей і Святаслаў Мядзведскі, прапаршчык Генрых Цыкман. А колькі з іх пайшлі з жыцця праз гады пасля той цяжкай і па-сапраўднаму гарачай службы…
– У свой час 77 ураджэнцаў раёна выконвалі інтэрнацыянальны абавязак, сярод іх – дзве жанчыны. Ветэранамі баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін сёння з’яўляюцца 50 жыхароў Ляхавіччыны. Баявое братэрства, у тым ліку афганскае, – непарушнае, таму праз гады мы разам: дапамагаем, падтрымліваем, радуемся поспехам адзін аднаго. І сёлета 15 лютага і ў нашым раёне аб’яўлены традыцыйны афганскі збор, – гаворыць старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Генадзій Лойка.
Не толькі на Востраў слёз у Мінску нясуць жывыя кветкі былыя і сённяшнія салдаты, проста беларусы. Пэўны час назад дарагое для афганцаў месца з’явілася і ў Ляхавічах. На перакрыжаванні вуліц Леніна і Юбілейнай устаноўлены памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам. І сёлета ў 15-ы дзень лютага тут збяруцца разам тыя, хто прайшоў дарогамі Афганскай вайны і сёння захоўвае памяць пра сваіх загінулых у пекле той вайны землякоў.
Падрастаючае пакаленне помніць пра тых, каго воінскі абавязак закінуў у чужую краіну. У многіх установах адукацыі раёна воінам-інтэрнацыяналістам прысвячаюцца вечары-сустрэчы, акцыі, ушанаванні. Сёлета напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў рабяты з вясковых і гарадскіх школ навялі парадак каля магіл, дзе пахаваны землякі – воіны-інтэрнацыяналісты, якія загінулі ў Афганістане ці памерлі ў мірны час.


Афганцы – людзі асаблівай загартоўкі, высакародныя і надзейныя, мужныя і стойкія, сапраўдныя верныя сябры. І ў гэтыя лютаўскія дні яны зноў прыйдуць у школы, каб расказаць рабятам, як гэта страшна – вайна, дзе гінуць не толькі салдаты, але і мірныя жыхары. І абавязкова скажуць, як важна не дапусціць ваенных дзенняў і зберагчы мір сёння, заўтра і заўжды.


Сустрэча ў Навасёлкаўскай СШ з братам загінулага ў Афганістане Уладзіміра Малахвея.

Час  выбраў іх
«Ляхавіцкі веснік» неаднойчы пісаў пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, ураджэнцаў нашага раёна. А ў гэтым годзе «ЛВ» запрасіў на свае старонкі школьную газету «Пунсовыя ветразі» Ліпскай СШ. Расказ школьнікаў пойдзе пра сваіх землякоў, у чыім лёсе была Афганская вайна  і каго час выбраў выконваць інтэрнацыянальны абавязак. А таксама пра ўражанні, што пакідаюць пасля сябе такія
сустрэчы. Вось некаторыя з іх.
Мабыць, на зямлі ніколі не наступіць час, калі непатрэбнымі будуць арміі, калі значэнне слова «салдат» для большасці стане незнаёмым. На жаль, войны на нашай планеце не спыняюцца і сёння. І які ж ён страшны – шлях вайны. Афганістан. Гэта трагічная гісторыя была і ў лёсе нашых землякоў – Міхаіла і Віктара Дыдышкаў. Яны частыя госці ў нашай школе. Іх успаміны, расказы вельмі балюча слухаць. А яшчэ становіцца жудасна ад таго, што зусім маладыя рабяты гінулі ў далёкай чужой краіне.
Штогод у лютым у нашай школе праходзіць месячнік грамадзянска-патрыятычнага выхавання «Захоўваем мінулае, цэнім сучаснасць, будуем будучыню». У яго межах 15 лютага арганізоўваем сустрэчы з аднавяскоўцамі, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Мне запомнілася сустрэча з Віктарам Дыдышкам. Ён расказаў нам пра ўвядзенне ў Афганістан у 1979 го-
дзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў, пра сваё знахо-
джанне ў гэтай краіне, пра тое, як удзельнічаў у той вайне. Таксама зямляк расказаў, як жыве цяпер. Пасля сустрэчы я зрабіў выснову: пакуль жывая памяць, жыве і сам чалавек.
Міхаіла Дыдышку прызвалі ў армію ў кастрычніку 1984 года. Моцнага юнака размеркавалі ў паветрана-дэсантныя войскі. Пасля вучэбкі напачатку студзеня 1985 года адправілі ў Афганістан. Службу на працягу 20 месяцаў праходзіў у Кабуле, Гардэзе. Быў паранены. Доўга лячыўся спачатку ў Афганістане, потым у Ленінградзе. За праяўленыя мужнасць і гераізм падчас выканання баявога задання Міхаіл Дыдышка быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Сёння Міхаіл Дыдышка працуе ў Крывошынскім лясніцтве. Яго добрасумленная праца адзначана рознымі ўзнагародамі, сярод якіх пачэснае месца займае нагрудны знак «10 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове».
Радавы Віктар Дыдышка выконваў інтэрнацыянальны абавязак у складзе дарожна-каменданцкага батальёна на перавале Саланг (яго тады называлі дарогай жыцця) у гарах Гіндукуша, які звязваў паўночную і цэнтральную частку Афганістана. На КРАЗе-255Б радавы Віктар Дыдышка пераадолеў не адну тысячу кіламетраў, перавозячы стратэгічна важныя для батальёна грузы. Ён перажыў усё: атакі душманаў, смерць таварышаў, а яшчэ цяжкі афганскі клімат з летняй спякотай і пранізлівым ветрам, зімовым холадам і вялізнымі сумётамі. А сагравалі, надавалі сіл і былі лепш за любыя лекі пісьмы з далёкай малой радзімы – Ліпска.
Хоць і зусім мала, былі ў Афгане і радасці. Адна з іх – сустрэча з аднавяскоўцам Міхаілам Супрыновічам. Дарэчы, Віктар Дыдышка быў сярод тых савецкіх ваеннаслужачых, якія апошнімі пакідалі Афганістан. Больш за два дзесяцігоддзі Віктар Дыдышка працаваў вадзіцелем Ліпскага пажарнага аварыйна-выратавальнага паста. Зараз – на заслужаным адпачынку.
За баявыя заслугі ў нашага земляка – медаль «За адзнаку ў воінскай службе», за службу ў МНС – нагрудны знак «15 гадоў органам і падраздзяленням, падначаленым МНС Рэспублікі Бела-
русь», юбілейны медаль «160 гадоў пажарнай службе Беларусі».
Для мяне шчымліва прагучаў адказ Віктара Дыдышкі на пытанне: «Што дапамагло Вам выжыць на Афганскай вайне?». Тады Віктар Анатольевіч сказаў без роздуму: «Баявое братэрства, сапраўднае мужчынскае сяброўства. Бо кошт твайго ўчынку, твайго слова – і ўласнае жыццё, і жыццё тваіх таварышаў». Дарэчы, ён расказваў, што сярод аднапалчан былі рабяты з Карэліі, Казахстана, Узбекістана, асабліва надзейнымі сталі сябры з Чачні. І праз дзесяцігоддзі сувязь паміж саслужыўцамі нягледзячы на адлегласці і межы засталася.
Боль, цяжкія ўспаміны, пакіну-
тыя Афганскай вайной, – гэта і пра яшчэ аднаго нашага земляка Пятра Бурбіцкага, які таксама служыў там, куды накіравала яго Радзіма. Між іншым, у розных гарачых кропках Афганістана ваявалі яшчэ чацвёра яго аднакласнікаў, выпускнікоў 1981 года Ліпскай школы.
Калі-небудзь час праўдзіва расцэніць тыя падзеі вайны ў Афганістане. Але мы, прадстаўнікі сённяшніх пакаленняў, не маем права забываць пра тых, хто дастойна выканаў свой воінскі абавязак. Хто застаўся верным прысязе, хто праявіў годнасць і мужнасць, хто па праве стаў прадаўжальнікам слаўных баявых традыцый сваіх бацькоў, дзядоў, прадзедаў.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.