«Заводскі» пашырае асартымент і плошчы. Фірменны магазін ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» мяняе прапіску і будзе знаходзіцца па новым адрасе

Праз некалькі дзён (дакладней, 7 сакавіка) у нашым райцэнтры чарговае гандлёвае наваселле. Такі падарунак напярэдадні Дня жанчын – ад ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Фірменны магазін старэйшага ў раёне прадпрыемства мяняе свой адрас: з вуліцы Южакова пераязджае на  вуліцу 17 Верасня ў будынак, дзе калісьці мясцілася гандлёвая кропка «Ветэран».

– Канешне, прыемна, што наш магазін і прадукцыя, якая прадстаўлена на яго паліцах, карыстаюцца попытам у землякоў. А каб і далей заставацца запатрабаванымі, неабходна прыдумваць новыя маркетынгавыя хады, каб зацікавіць пакупнікоў. Разумеем: для развіцця гандлю трэба пашыраць лінейку прапаноўваемых для продажу тавараў. Адпаведна, неабходна пашырэнне магазінных плошчаў. Калі раней памер гандлёвых плошчаў быў 63 квадратныя метры, то цяпер – амаль 95 «квадратаў». Сіламі прадпрыем-ства зрабілі касметычны рамонт будынка. Закупілі і ўстанавілі новае халадзільнае абсталяванне, горкі для выстаўлення тавару, іншае абсталяванне. Робім усё магчымае, каб пакупніку было камфортна ў нашай гандлёвай кропцы, каб ён мог выбраць тое, што яму па гусце, – тлумачыць дырэктар кансервавага завода Аляксандр Вашчук.
Напэўна, многія ўжо заўважылі, што новая візітоўка кансервавага завода – металічная «Птушка-ляхавічка» яшчэ напачатку гэтага тыдня ўдала дапоўніла гарадскі пейзаж на вуліцы Леніна, недалёка ад новага будынка магазіна «Заводскі».
Сёння «ЛВ» дорыць землякам цудоўную магчымасць яшчэ да наваселля даведацца пра новыя прапановы ад «Заводскага». У якасці экскурсавода па будучым магазіне – начальнік аддзела збыту прадпрыемства Вольга Матуліс.
– Пачнём з фірменнай прадукцыі нашага кансервавага завода. На абноўленых паліцах будзе прадстаўлена каля сотні найменняў – сокі, салаты, соусы, павідла, варэнне, салянкі, абедзенная група. Цэны па-ранейшаму ніжэйшыя, чым у іншых гандлёвых кропках,
выбар – куды багацейшы. У продажы як тавары, якія даўно заваявалі сваю папулярнасць у спажыўцоў, так і тыя, якія нядаўна пачалі выпускацца. Наогул, любая заводская навінка перш за ўсё ў продажы з’явіцца ў «Заводскім», – расказвае Вольга Матуліс.
Наступная прапанова, бясспрэчна, зацікавіць аматараў смачнай мясной прадукцыі.
Яна, дарэчы, будзе пастаўляцца з ААТ «Пінскі мясакамбінат».
– Акрамя шырокага асартыменту каўбасных вырабаў, сасісак, сардэлек, у «Заводскім» будуць прадавацца эксклюзіўныя мяса-каўбасныя вырабы, – дадае Вольга Матуліс.
Парадуе ляхавічан сырамі і марожаным ААТ «Кобрынскі
масларобна-сыраробны завод». Плануецца самая шырокая лінейка прадукцыі.
Акрамя таго, у продажы багаты выбар (каля 20 найменняў) арыгінальных чыпсаў, снэкаў, хлебабулачнай прадукцыі з
працяглым тэрмінам захоўвання ад ААТ «Берасцейскі пекар», кансервы ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат».
У фірменным магазіне кансервавага завода запатрабаваны і спадарожныя тавары. Напрыклад, сувенірная прадукцыя:
кубкі, майкі, магніты і іншы тавар. Напэўна, знойдзе сваіх пакупнікоў ільняная і тэкстыльная прадукцыя, іншыя тавары. У далейшым, па словах кіраўніцтва завода, чакаецца пашырэнне асартыменту.
Напэўна, многіх зацікавяць цэны на прадукцыю. Па словах Вольгі Матуліс, гадлёвыя надбаўкі – мінімальныя, што, напэўна, задаволіць пакупнікоў.
Дарэчы, разлічыцца за пакупкі можна, як і раней, – наяўнымі грашыма, а таксама банкаўскімі карткамі.
Зручным будзе і рэжым работы магазіна: па панядзелках, аўторках, серадах, чацвяргах і нядзелях магазін будзе працаваць з 7.00 да
19.00 (перапынак на абед з 14.00 да 15.00). Па пятніцах і суботах – з 7.00 да 22.00 (перапынак з 14.00 да 15.00).
Зацікавіліся? Тады паспяшайцеся 7 сакавіка ў 12 гадзін на святочнае адкрыццё магазіна «Заводскі» па адрасе: Ляхавічы, вуліца 17 Верасня,6. У гэты дзень чакаецца дэгустацыя многіх відаў прапаноўваемых тавараў. Будзе абавязкова смачна! «Заводскі», як заўжды, рады пакупнікам. Купляйце ляхавіцкае і беларускае!

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.