У гасцёўні ляхавіцкай купалаўкі сакрэтамі саломапляцення падзялілася загадчык Адахаўшчынскага Дома народнай творчасці

Багатая на таленты ляхавіцкая зямля. Што ні выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці – то чарговы россып прыгажосці і эксклюзіву ад народных умельцаў-землякоў. І заўсёды асаблівы інтарэс выклікаюць шматлікія саламяныя вырабы аўтарства выдатнай майстрыхі – загадчыка Адахаўшчынскага Дома народнай творчасці Святланы Страмавус.

Галаўныя ўборы, кветкі, упрыгожанні, амаль што царская карона, розныя пташкі, шкатулкі, мініяцюрныя куфэркі і кошыкі, амулеты і магічныя абярэгі – за кожным вырабам палёт фантазіі і вытанчаная, карпатлівая работа таленавітага і творчага чалавека.
У адзін з першых сакавіцкіх дзён у гасцёўні гарадской купалаўкі было сонечна не толькі ад першых веснавых промняў, але і ад саламяных вырабаў, якія ўпрыгожылі пакой бібліятэкі. Тут на некаторы час уладкавалася майстэрня, дзе з дзяўчынкамі з гарадскіх школ дзялілася сакрэтамі саломапляцення Святлана Страмавус.
– Не толькі сама з настроем, радасцю і інтарэсам займаюся саломапляценнем, вышыўкай, але пры любой магчымасці імкнуся навучыць гэтаму дзяцей. Калісьці займалася з рабятамі з Лаўрынавіцкай школы Баранавіцкага раёна, а таксама з нашымі вясковымі. Заўжды на любых выставах, куды запрашаюць, па магчымасці праводжу майстар-класы. Нельга, каб беларуская прыкладная творчасць забывалася, у яе абавязкова павінен быць працяг. І сваім унукам перадаю гэтыя веды і навыкі. Старэйшы ўнук зараз вучыцца ў Сувораўскім вучылішчы, як толькі прыязджае дамоў, абавязкова майструе што-небудзь з саломкі. Не адстаюць і малодшыя ўнукі, – гаворыць Святлана Страмавус і раскрывае галоўны сакрэт: саломка любіць таго, хто з пашанай ставіцца да яе.


Дарэчы, саломапляценнем наша зямлячка займаецца больш за 15 гадоў, яе першы выраб – шляпа з аўсянай саломы, самая доўгая па часе вырабу таксама шляпа – канацье, якую майстравала паўтары нядзелі.
А самы хуткі выраб – званочкі, Святлане Леанідаўне спатрэбілася на іх усяго 30 мінут.
З цікавасцю дзяўчаты слухалі расказ пра шлях саломкі з поля на стол майстра. На працягу ўсяго лета салома збіраецца, потым разразаецца, мыецца, сушыцца, прасуецца. І толькі потым становіцца тым матэрыялам, з якога і ствараюцца розныя вырабы. І тут самы шырокі палёт для творчасці.
А потым вучаніцы пачалі асвойваць тэхніку саломапляцення пад пільнай увагай і з каштоўнымі падказкамі майстра. Дзяўчаты ўважліва, акуратна шчыравалі над сваім вырабам.
– Мне вельмі падабаецца. Трэба быць уважлівым, каб атрымаўся прыгожы ўзор. Я раблю закладку для кнігі. Шмат чаго даведалася пра саломку і не толькі, – дзеліцца ўражаннямі вучаніца шостага класа СШ № 2 Анастасія Лешчанка.
Дарэчы, кожны, хто прыйшоў на заняткі па саломапляценні, у якасці сувеніра забраў дамоў зроблены ўласнымі рукамі падарунак.
– Захаванне прыгожых старадаўніх беларускіх традыцый і развіццё новых відаў народных промыслаў і рамёстваў у сучасных умовах фарміравання нацыянальнай культуры – адна з задач, якую вырашаюць нашы культработнікі. Беражліва захоўваем культурную спадчыну продкаў і стараемся прывіць сённяшнім пакаленням не толькі любоў да ўсяго беларускага, навучыць іх шанаваць, але і прымнажаць народную творчасць. Лепш за любыя словы, калі хлопчыкі і дзяўчынкі сваімі рукамі спрабуюць зляпіць з гліны цацку, размаляваць дошку ці змайстраваць з саломкі абярэг. Будзем і далей практыкаваць правядзенне такіх заняткаў, тым больш, што самабытных майстроў на Ляхавіччыне шмат, – адзначае дырэктар раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Юрый Грынь.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.