Гутарка на сельскагаспадарчую тэму. Інтэрв’ю з першым намеснікам старшыні Ляхавіцкага райвыканкама – начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні

Пытанняў для гутаркі з першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васіліем Пыжыкам шукаць не трэба – яны на паверхні. З чаго пачаць? З надзённай, паколькі вельмі ўжо хуткай, яравой кампаніі? Звярнуцца да вынікаў і трэндаў года мінулага? А можа, тэму жывёлагадоўлі паставіць у якасці стартавай?

Васілій Мікалаевіч, паколькі галоўнай мэтай любога гаспадарчага прадпрыемства з’яўляецца атрыманне прыбытку, паступовы выхад на эканамічную самадастатковасць, прапаную пачаць размову з пытанняў іменна гэтага накірунку. Якое месца ў эканоміцы класічнага сельгаспрадпрыемства займае раслінаводства, а якое – жывёлагадоўля?
– Першае, пра што неабходна сказаць, што дзвюм гэтым галінам сельгасвытворчасці вельмі складана – калі не немагчыма – працаваць паасобку, абысціся адной без другой. Фактычна ўсе віды кармоў для буйной рагатай і не толькі жывёлы маюць палявое паходжанне. Вырошчваюцца і бяруць пачатак на сельскагаспадарчых палетках: травы, каласавыя, зернебабовыя… Нават патака як другасны прадукт перапрацоўкі цукровых буракоў ці рапсавая макуха служаць кормам для сельгасжывёлы. Калі вобразна, фарміруюць яе стол, ад якасці і паўнаты якога залежаць кілаграмы малака і грамы сутачных прываг.
З другога боку – залежнасць наадварот, калі арганіка фермаў і комплексаў працуе на павышэнне прадукцыйнасці, урадлівасці сельскагаспадарчага гектара. Напрыклад, гумус глебы падняць-захаваць можна толькі шляхам рэгулярнага ўнясення ў яе арганічных угнаенняў. Дзе гэтага няма ці ёсць у недастатковай колькасці, як правіла, не назіраецца і высокіх ураджаяў. Мінеральныя ўдабрэнні альтэрнатывай могуць быць не заўсёды. Да таго ж, іх даволі высокая цана, асабліва тукаў фосфарнай групы, павышае сабекошт прадукцыі палёў, пагаршае эканоміку гаспадарак. На агульным сходзе акцыянераў ААТ «Шлях новы» адзначалася адна з прычын  будаўніцтва новых кароўнікаў на МТФ «Літва» – магчымасць палепшыць сітуацыю з забеспячэннем размешчаных у гэтай мясцовасці палёў арганічнымі ўдабрэннямі.

У якой частцы фінансава-эканамічная сітуацыя ў сельскагаспадачых  прадпрыемствах раёна «завязана» на работу жывёлагадоўлі, а якая – на раслінаводстве?
– Раздзяляць адно і другое, як мы ўжо высветлілі, не зусім карэктна. Гэта два бакі сельскагаспадарчага медаля. Як іх падзяліць? Калі ж задацца пытаннем, колькі гаспадаркі зарабляюць на жывёлагадоўлі, а колькі ў казну прыносіць раслінаводства, то баланс, канешне ж, будзе не на карысць апошняга. Гэта аксіёма, хоць ад арганізацыі  да арганізацыі грашова-лічбавы расклад адрозніваецца і часам
істотна. У некаторых грашовыя паступленні ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі складаюць каля 60 працэнтаў ад агульнай выручкі, у іншых гэта прапорцыя можа выглядаць як 80 на 20.
Але важным момантам з’яўляецца і тое, што малако – гэта жывыя грошы кожны дзень на працягу каляндарнага года. У адрозненне ад раслінаводства, дзе кожны вытворчы цыкл у шэрагу выпадкаў займае паўгода і больш. Калі даводзіцца толькі ўкладвацца, фінансавыя вяршкі можна зняць па завяршэнні і, як правіла, «адзінкавым плацяжом».

Ва ўмовах дастатковасці аб’ёмаў важнай характарыстыкай работы малочнай галіны жывёлагадоўлі з’яўляецца якасць атрыманага малака. Самы высокі гатунак – экстра – дастаткова няпроста атрымаць на састарэлым абсталяванні малочна-таварных фермаў. Некаторыя МТФ раёна перайшлі на даенне ва ўмовах камп’ютарызаванай даільнай залы. Наколькі востра стаіць пытанне перааснашчэння МТФ раёна?
– Усё высокатэхналагічнае мае, як правіла, не вельмі доўгі век. Пакуль у раёне абнаўленню падлягае даільна-малочная зала адной фермы –
МТФ «Падбарочча» СУП «Белазем’е». Звяртае на сябе ўвагу яшчэ адзін адрас, але вырашыць пытанне з той фермай плануецца найбольш радыкальна.

Нягледзячы на той факт, што жывёлагадоўля раёна паказала
за апошні год некаторы рост, нашы паказчыкі не з’яўляюцца, мякка кажучы, цудоўнымі на фоне большасці іншых раёнаў вобласці. Якія шляхі яе далейшага развіцця вы бачыце?

– Не люблю і імкнуся па мінімуму выкарыстоўваць замежныя словы і тэрміны. Але гэта той выпадак, калі жывёлагадоўля раёна павінна цвёрда стаць на рэйкі і інтэн-, і экстэнсіфікацыі. Прасцей кажучы, неабходна нарошчваць у раёне як колькасць галоў буйной рагатай жывёлы, так і працаваць над паляпшэннем яе генетычнага патэнцыялу і, як вынік, удзельнай прадукцыйнасці. Ляхавіччына можа выйсці на паказчык пагалоўя з разліку 100 жывёл на 100 гектараў сельгасугоддзяў. Як і на сярэдні па раёне надой у шэсць тысяч кілаграмаў малака. Прыклад асобных, у тым ліку, размешчаных не на самых «крутых» землях гаспадарак, якія дояць за год па восем і больш тысяч кілаграмаў малака ад кожнай сваёй каровы, з’яўляецца лепшым таму пацвярджэннем.

Васілій Мікалаевіч, мінулы раслінаводчы сезон для сельгасарганізацый і ў цэлым АПК раёна выдаўся паспяховым. Пацвярджэннем таму стала і самая высокая адзнака, атрыманая нашымі раслінаводамі падчас абласных «Дажынак-2022». За лічаныя дні да старту веснавой палявой кампаніі лагічна пацікавіцца: ці зможам замацавацца на сваіх леташніх пазіцыях?
– Так, мінулы сезон стаў адным з самых удалых у гісторыі раслінаводчай практыкі раёна. Тэхналогія, тэрміны выканання работ, ахоўныя мерапрыемствы на пасевах былі выкананы ў поўнай ці блізкай да таго меры. Не падвяло і надвор’е: ад яго таксама залежыць нямала. Ці атрымаецца замацавацца, дакладнага, з упэўненасцю адказу пакуль ніхто не дасць. Але ж сёння ў нашых аграрыяў ёсць усё неабходнае, каб спрацаваць не горш, чым летась. Тэхніка да выхаду ў поле падрыхтавана на 96–98 працэнтаў, насенне назапашана ў аб’ёмах, якія перавышаюць нарматыўна неабходныя, мінеральных удабрэнняў дастаткова для вядзення сяўбы на першых яе этапах. Людзі чакаюць пасяўной гатоўнасці палеткаў і сігналу для выхаду ў веснавое поле.
Азімыя культуры выйшлі з зімоўкі непашкоджанымі ні марозам, ні вільгаццю, не адзначаецца і лакальных выправанняў.
А вільгаці ў першым месяцы сёлетняй вясны дастаткова. А яна – эліксір росту і азімых, і яравых, і травы. Нездарма ж водзіцца прымаўка: колькі вільгаці ў сакавіку, столькі і травы ў канцы красавіка – пачатку мая.

– Дзякуй за гутарку, Васілій Мікалаевіч!

Гутарыў Іван КАВАЛЕНКА.