Мнагадзетная сям’я – востраў радасці і… спакою. Напярэдадні Дня сям’і карэспандэнты «ЛВ» пабывалі ў гасцях у сям’і Крывапушчанка
Ці магчыма быць мнагадзетнай мамай і мець час для хобі? Жыхарка Вялікай Лотвы Наталія Крывапушчанка сцвярджае, што гэта зусім не цяжка, калі ёсць надзейныя памочнікі. У яе гэта муж Сяргей і дзеці – Вікторыя, Арсеній і Ясенія. Праўда, малодшай дачушцы яшчэ няма і года. Але яна, можна сказаць, дазваляе матулі нейкі час займацца любімай справа і назірае, калі тая стварае чарговы цуд.

Напярэдадні Дня сям’і карэспандэнты «ЛВ» пабывалі ў гасцях у Сяргея і Наталіі, каб даведацца пра рэцэпт іх сямейнага шчасця. Сваё сямейнае гняздо – дом па завулку 2-м Палявым – будавалі самі. Дапамагаў бацька Наталіі Аляксандр, будаўнік са стажам. А ўсё астатняе ў доме і каля яго – менавіта фантазія гаспадароў, іх душа і сілы. Двор Крывапушчанкаў – мара для аматараў утульнасці і прыгажосці. Уся прыдамавая тэрыторыя заніравана на клумбы, агарод, цяпліцу, зоны адпачынку. Нават у агародзе Наталія прыдумала зрабіць лавачку на цагляных «ножках». Хто ні заходзіць у госці, натхняецца шматлікімі крэатыўнымі прыдумкамі гаспадароў. Паўсюль высаджаны розныя кусты і дрэвы, уладараць кветкі. На вуліцы – ружы, півоні дрэвападобныя, гартэнзія мяцёлчатая, хосты і розныя мнагалетнікі. А ў доме вазонаў 150 – не менш, адных фіялак каля шасці дзясяткаў. Усё зроблена з густам. Наталія прыдумвае элементы ландшафту ці дамашняга дэкору і звяртаецца за дапамогай да мужа. Разам закупляюць патрэбныя матэрыялы, і тады Сяргей будуе, майструе, выкоўвае розныя элементы ўпрыгожвання. Ён працуе станочнікам на ляхавіцкім «Інтэрлаку», і рукі ў яго залатыя, з гонарам сцвярджае жонка.
Сям’я для Крывапушчанкаў – востраў радасці і спакою. Калі 16 гадоў назад Сяргей і Наталія гулялі вяселле, то не думалі, што будуць мнагадзетнымі бацькамі. А сёння і не ўяўляюць, як можна жыць інакш. Яны развенчваюць многія міфы пра мнагадзетнасць, адзін з якіх пра тое, што ў вялікіх сем’ях пакутуюць ад адсутнасці асабістай прасторы і мараць пра цішыню. У іх вялікім доме ў кожнага маецца свая тэрыторыя, а сумеснае правядзенне часу – у радасць. Пэўна, гэта ў тым ліку і ад таго, што ў кожнага з Крывапушчанкаў цікавыя захапленні.

Мама – майстрыха на ўсе рукі, імкнецца ўсяму навучыцца і ўсё зрабіць. Па адукацыі і прызванні яна – цырульнік. Пакуль у дэкрэце, то стрыжкі і прычоскі сталі хутчэй хобі. А яшчэ вяжа кручком сумкі, займаецца кветкамі, стварае карціны з алмазнай мазаікі, робіць лялькі з тэкстылю і г. д. Лялькамі захапілася, як пайшла ў водпуск па доглядзе Ясеніі. Захацелася, каб у дачкі былі адметныя і бяспечныя цацкі. Паспрабавала, і на адной ляльцы не спынілася. І хоць выкрайка і эскіз на ўсе лялькі адныя і тыя ж, але ўсе выходзяць розныя, кожная
мае свой вобраз. Неабходныя дэталі Наталія набывае ў інтэрнэце, а вопратку і абутак шые сама. Атрымліваецца вельмі прыгожа і эксклюзіўна. Сваіх «дзяўчынак» дорыць родным і сябрам, прэзентуе на сваёй старонцы ў інстаграме @nataliiakrivopushche і робіць на заказ жадаючым.

Дзень мнагадзетнай мамы распісаны літаральна па хвілінах: пад’ём і прыгатаванне сняданку, розныя дамашнія клопаты… А пасля трэба адвезці Віку на адзін з гурткоў, Сеню – на заняткі па плаванні, заехаць за пакупкамі і г. д.
– Быць мамай за рулём – вельмі зручна. Муж на рабоце, а я магу такім чынам вырашыць многія дамашнія пытанні. Зараз мой заўсёдны пасажыр – Ясенія. У дапамогу мамам і інтэрнэт, дзе можна аформіць дастаўку, напрыклад, саджанцаў ці матэрыялаў для рукадзелля. Гэта робіць мам мабільнымі і вельмі эканоміць час, які можна выкарыстаць з карысцю, – адзначае мнагадзетная маці.
Нягледзячы на тое, што да 10-месячнай Ясеніі патрабуецца павышаная ўвага, у шчыльным графіку Наталіі маецца месца і для
сябе любімай, і для хобі.
Бацькі вучаць дзяцей быць мэтанакіраванымі, умець даводзіць справу да канца, не ленавацца і заўсёды знаходзіць выйсце з нават самай складанай сітуацыі. І самі імкнуцца быць узорам для дзяцей.
13-гадовая Вікторыя – асоба творчая, паспявае не толькі па вучэбных прадметах, але і займаецца харэаграфіяй, вучыцца ігры на гітары, спявае, і яе выступленні ацэнены шматлікімі пераможнымі дыпломамі і званнямі лаўрэата ў конкурсах рознага ўзроўню. Васьмігадовы Арсеній займаецца плаваннем і зараз актыўна рыхтуецца да спаборніцтваў. З задавальненнем хлопчык бавіць час з бацькам, асабліва калі той заняты ў гаражы. А яшчэ ў Крывапушчанкаў свой, як яны жартуюць, кантактны заапарк – пяць сабак, дзве кошкі і кот, у Вікі – дзве марскія свінкі, а ў Арсенія – хамякі. Прычым дзеці за сваімі гадаванцамі глядзяць самі.
У сям’і не прынята перакладваць абавязкі на іншага ці рабіць выгляд, што цябе гэта не датычыць.
– Парадак у доме – клопат агульны. Так у нас заведзена. Калі я занята
з Ясеніяй, то прыбраць у доме могуць і муж з дзецьмі. Калі трэба –
Сяргей прыгатуе паесці, дапаможа ў агародзе і іншае. За малодшай дачкой глядзяць і старэйшыя дзеці. Мнагадзетнасць – гэта не затворніцтва ад усіх і ўсяго. Каб усё паспець, важна «фільтраваць», што трэба зрабіць у першую чаргу, а што можа пачакаць. Калі атрым-
ліваецца, мы адпраўляемся ў паездкі па Беларусі. Мы звычайная беларуская сям’я, у нас усё як ва ўсіх, – падкрэслівае Наталія.
Самыя жаданыя госці ў Крывапушчанкаў – іх бабулі і дзядуля. І адна з сямейных традыцый – разам з роднымі людзьмі адзначаць дні нараджэнняў.
На пытанне, што галоўнае ў сям’і, Сяргей і Наталія ў адзін голас ад-
казваюць: давер, узаемапавага, падтрымка і дапамога. І ў гэтым сямейная пяцёрка пераканалася на ўласным вопыце. А яшчэ ў тым, што сапраўдная сям’я – гэта не карцінка ў інтэрнэце і не проста сваякі, а родныя людзі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Фіялкавыя парады ад Наталіі Крывапушчанка
Каб фіялка радавала кветкамі, гаршчок у дыяметры павінен быць каля дзевяці сантыметраў і невялікі па вышыні. Патрэбны таксама дрэнаж, зямля для фіялак і вермікуліт. Пры кнотавым паліве (кнот можна зрабіць з акрылавай ніткі
ці з капронавых панчох) зямлю змешваем з вермікулітам у прапорцыі 50 на 50. Пры верхнім паліве – зямлі 70 працэнтаў і астатняе вермікуліт. У ідэале раз у паўгода ці хаця б раз у год фіялку перасаджваць. Перад пасадкай корні трэба абрэзаць.













