Перазімавалі, а майскіх мінусаў не вытрымалі. У сельгасарганізацыях Ляхавіччыны з-за прымаразкаў загінула 693 гектары пасеваў сельскагаспадарчых культур
Аксіёма, што клімат у Беларусі – умераны, надвор’е – капрызлівае. Не з’яўляецца сакрэтам і той факт, што найбольш часта і эканамічна значна гэта адбіваецца на сельскай гаспадарцы.

Адсутнасць снежнага покрыва падчас перазімоўкі, высокі, здольны запусціць другасную вегетацыю азімых сельгаскультур зімовы тэмпературны плюс, працяглыя перыяды без дажджу ці, надварот, доўгая інтэнсіўнасць ападкаў. А яшчэ град, моцны вецер і прымаразкі не ў час – значэнне мае ўсё.
Некаторыя моманты пералічанага можна было назіраць і на працягу бягучага сельскагаспадарчага года, і зусім нядаўна – у апошнюю пяцідзёнку красавіка, і нават на першым тыдні мая. Размова пра прымаразкі, якія асабліва праявілі сябе 26–27 красавіка і ў ноч на 6 мая, чым істотна дабавілі клопатаў сельскім працаўнікам і пазбавілі
некаторых з іх будучых ураджайных дывідэндаў.
Па аператыўнай інфармацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, па прычыне красавіцка-майскіх прымаразкаў у сельгасарганізацыях Ляхавіччыны загінула 693 гектары пасеваў сельскагаспадарчых культур. Лічба пашкоджаных тэмпературным мінусам плошчаў выглядае зусім уражліва – больш за дзве тысячы гектараў па стане на 6 мая.
– Амаль сем сотняў гектараў – гэта толькі тое, што неабходна перасяваць. На месцах ужо вызначыліся – дзе, што, колькі, чым і якая маса насеннага матэрыялу для таго спатрэбіцца, – гаворыць галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Ігар Яварчук.
У ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» загінула і перасеяна ўжо 123 гектары льну-даўгунцу. Найбольш маштабна веснавыя маразы прайшліся па палях СУП «Ліпнянка»: знішчана 270 гектараў азімых пасеваў пшаніцы, 157 – азімага жыта, 30 – азімага ячменю. ЗАТ «Белпрампрыбор» вымушаны перасяваць 85 гектараў таксама азімага ячменю. У ААТ «Нача» веснавы начны мінус не абышоў «увагай» 18 гектараў азімай пшаніцы, а ў «Белазем’і» дзясятак адзінак плошчы азімага рапсу.
За выключэннем сотні гектараў ільну, які, па меркаванні спецыялістаў-раслінаводаў, з’яўляецца адной з самых успрымальных да тэмпературных мінусаў сельгаскультур, астатняе – гэта азімыя. А значыць марозатрывалыя пасевы. Яны перажылі зіму, а вось здужаць веснавыя мінус пяць-шэсць градусаў аказаліся не гатовы.
– З завяршэннем перыяду зімовага спакою азімыя расліны паступова губляюць устойлівасць да адмоўных тэмператур. Да наступлення веснавой вегетацыі, напрыклад, збожжавыя культуры здольны паспяхова супраціўляцца і мінус васьмі-дзевяці градусам. Прык-ладна як і ў фазе кушчэння. А вось ужо на стадыях выхаду ў трубку і з’яўлення так званага флагавага ліста нават чатырохградусны мароз можа стаць непераносным. Значэнне маюць і састаў глебы, і колькасць вільгаці ў ёй, і рэльеф мясцовасці, і некаторыя іншыя паказчыкі-характарыстыкі, – тлумачыць Ігар Яварчук.
Большасць з амаль 700 вымаражаных гектараў ужо ці будуць перасеяны ў бліжэйшы час. На іх месцах з’явяцца яравыя ўсходы пшаніцы, ячменю, аўса, кукурузы, проса. Для завяршэння «другаснай» сяўбы раённым аграрыям спатрэбіцца каля сямі дзясяткаў тон пасяўнога матэрыялу.
Іван КАВАЛЕНКА.

