Знак прызнання і гонару. Начальнік абаненцкага аддзела камунгаса узнагароджана нагрудным знакам «Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі»

Жыццё – гэта заўсёдны рух, лічыць ляхавічанка Іна Смаршчок і з
поспехам спалучае працоўныя абавязкі з грамадскай дзейнасцю.
Іна Іосіфаўна дзесяцігоддзе ўзначальвае важнае падраздзяленне
КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» – абаненцкі аддзел, а яшчэ мясцовую пярвічную прафсаюзную арганізацыю. Дзеля інтарэсаў прадпрыемства яна і свой выхадны дзень адменіць, і будзе працаваць па-за межамі графіка.

Адказная, кампетэнтная і прынцыповая, у той жа час нераўнадушная з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, гатовая ў любы час выслухаць і дапамагчы. Лідар па прызванні, Іна Смаршчок (на здымку) з лёгкасцю аб’ядноўвае вакол сябе калег і сяброў.
З дыпломам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і спецыяльнасцю «эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве» займала пасаду інжынера па тэхніцы бяспекі ў колішнім ЗАТ «Падлессе». А ў камунгасе 16 гадоў назад пачынала з эканаміста і зарэкамендавала сябе спецыялістам адказным і мэтанакіраваным. Калі ў паведамленне выпадкова трапіла памылка, Іна Іосіфаўна абавязкова высветліць прычыну, няхай на гэта спатрэбіцца і нямала часу.
У абаненцкім аддзеле Ляхавіцкай ЖКГ у яе падначаленні дзевяць высокакваліфікаваных супрацоўнікаў. У абавязках начальніка – кантроль разлікаў абанентаў за прадастаўленыя паслугі цепла- і водазабеспячэння, вываз, абясшкоджванне і перапрацоўка цвёрдых камунальных адходаў і многае іншае. Таксама арганізуе работу кантралёраў па выяўленні няўлічаных спажыўцоў вады, спажыўцоў з няспраўнымі прыборамі ўліку і аналізуе па зводных даных рэсурсы для эканоміі.
Валейбол, плаванне, стральба, шашкі, дартс – ці поўны пералік відаў спорту, у якіх Іна Смаршчок абараняе спартыўны гонар камунгаса ў галіновых спаборніцтвах на абласным і рэспубліканскім узроўнях. І, як правіла, вынікова.
Прафсаюзны лідар разам з калегамі кожную сераду адточвае валейбольныя ўменні ў зале СДЮШАР, выязджае на экскурсіі, накіроў-
ваецца ў туры выхаднога дня ў санаторыі… Камунгасаўская пярвічка адна з лепшых у раёне.
Сярод сваіх шматлікіх узнагарод Іна Смаршчок асабліва каштоўным лічыць нагрудны знак «Ганаровы работнік прафсаюза».
22 сакавіка ў Мінску прайшла ўрачыстая цырымонія, прымеркаваная да Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сярод узнагароджаных – начальнік абаненцкага аддзела Ляхавіцкага камунгаса Іна Смаршчок, якой уручаны нагрудны знак «Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі» – прызнанне прафесійнага майстэрства і плённай шматгадовай працы.
– Вельмі прыемна і ганарова, калі са сталічнай сцэны гучыць наша прадпрыемства і сярод лепшых працаўнікоў галіны названы і ляхавіцкія, – дзеліцца дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.