Галоўныя па цяпле. Сёння работнікі бытавога абслугоўвання насельніцтва і ЖКГ адзначаюць прафесійнае свята

Хто на Ляхавіччыне галоўны па вадзе і цяпле? Адказ безварыянтны – камунгас. КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» – гаспадарка шматгаліновая: акрамя прадастаўлення жыллёва-камунальных паслуг, займаецца рамонтам жылфонду і інжынерных сетак, аказвае сантэхнічныя і электратэхнічныя паслугі і г. д.

Начальнік участка «Кацельная гаспадарка» Аляксандр Максімчык і аператар газавай кацельні Сяргей Савіцкі.

У спісе адказнасці і кацельная гаспадарка, пад «дахам» якой у горадзе і раёне знаходзіцца 25 кацельняў. Для выпрацоўкі цеплавой энергіі на іх выкарыстоўваюць розныя віды паліва: сем кацельняў працуюць на прыродным газе, астатнія – на цвёрдым паліве. У міжацяпляльны сезон іх абслугоўваюць больш за сотню чалавек: электраманцёры, слесар па рамонце кацельнага абсталявання, слесар па рамонце цеплавых сетак і іншыя.
– Без перабольшвання адзначу, што ад зладжаных дзеянняў і добрасумленных адносін працаўнікоў участка «Кацельная гаспадарка» залежаць цяпло і гарачая вада ў кватэрах землякоў. І з пастаўленымі задачамі, лічу, яны паспяхова спраўляюцца, –падкрэслівае дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.
Як пацвярджэнне прафесіяналізму – узнагароджанне Граматай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі майстра ўчастка «Кацельная гаспадарка» Івана Ходара. У камунгасе ён дзясяты год і адказвае за бесперабойную работу цвёрдапаліўных катлоў.
Сярод лепшых і электрагазазваршчыкі Міхаіл Вайцешык і Дзмітрый Еўхач, электраманцёр Мікалай Бортнік.
Партрэт аператара квартальнай кацельні г. Ляхавічы Аляксандра Кендыша за плённую працу змешчаны на Дошцы гонару прадпрыемства.  Да прафесійнага свята адзначаны граматамі Ляхавіцкай ЖКГ Вольга Слаута і Таццяна Станкевіч, якія сумяшчаюць абавязкі аператараў і машыністаў на квартальнай кацельні, што размяшчаецца ў райцэнтры па вуліцы Чкалава.  З веданнем справы яны кантралююць работу катлоў і дапаможнага абсталявання.
«Кацельня г. Ляхавічы «школа-гімназія» – такую назву па дакументах мае кацельня, якая працуе на прыродным газе і абслугоўвае мікрараён вуліцы Інтэрнацыянальнай. А гэта 16 шматпавярховікаў і ўстанова адукацыі плюс дом прыватнага сектара.
У адказе за эксплуатацыю кацельнага абсталявання «школы-гімназіі» і яшчэ чатырох кацельняў майстар участка Генадзій Юрлевіч, які ў камунальнай галіне спецыяліст вопытны.
Кацельня на Інтэрнацыянальнай аснашчана сучасным абсталяваннем, і тут пазменна працуюць чатыры аператары: Анжаліка Прыхач, Галіна Дылеўская, Сяргей Савіцкі і
Таццяна Строцкая. Кіраўніцтва характарызуе іх як работнікаў
надзейных і адказных. Тым больш і аб’ект абавязвае – мае статус павышанай крыніцы небяспекі, таму працаўнікі штогод праходзяць навучанне і праверку ведаў, медкамісію, рэгулярна павышаюць кваліфікацыю. Так што выпадковых тут няма.
У камандзе прафесіяналаў і майстар Ніна Кіршэўская. Пад яе пільнай увагай улік і статыстыка паліўна-энергетычных рэсурсаў участка.
З мінулага года кіруе важным структурным падраздзяленнем камунгаса – участкам «Кацельная гаспадарка» – Аляксандр Максімчык, які ў галіне больш за 12 гадоў. Унікае ва ўсе праблемы, трымае пад кантролем дзейнасць цеплакрыніц і ўпэўнены, што эфектыўнасць службы залежыць ад укладу кожнага работніка ў агульную справу.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.