Засумавалі па чысціні. На Ляхавіччыне аб’яўлены месячнік добраўпарадкавання

У вясновы месячнік добраўпарадкавання,які аб’яўлены на Ляхавіччыне з 20 сакавіка  па 21 красавіка, уключаецца ўсё больш землякоў.

1
2

Па даручэнні старшыні райвыканкама Мікалая Мароза створана спецыяльная камісія ў складзе супрацоўнікаў аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, прыродаахоўнай і землеўпарадкавальнай службаў, райЦГіЭ, якая на тэрыторыі кожнага сельсавета па найбольш вялікіх населеных пунктах вызначыла аб’екты, што асабліва патрабуюць чысціні і парадку.

У першы дзень рэйдавая група пабывала ў Начаўскім, Жарабковіцкім, Конькаўскім, Навасёлкаўскім сельсаветах. Што ўбачылі?
– Калі абагульніць, то асноўныя праблемы наступныя. Вясковыя дарогі яўна патрабуюць рамонту. Вось толькі самыя адмоўныя ў плане добраўпарадкавання ўчасткі: па вуліцах Горкага, 60 гадоў Савецкай Улады, Усходняй, Савецкай – у аграгарадку Нача, Савецкай – у аграгарадку Жарабковічы. Чакаюць ямачнага рамонту вулічныя дарогі ў Русінавічах, Перахрэсці, аўтадарога Падлессе – Шавялі патрабуе неадкладнага грэйдзіравання, там сапраўды ні прайсці ні праехаць. Асобна спынімся на аграгарадку Падлессе. У 2021 годзе там прайшлі раённыя «Дажынкі», і аграгарадок стаў у разы прыгажэй. Аднак сёння там зноў патрабуецца дарожны марафет і не толькі, – расказвае начальнік аддзела архітэктуры будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Працягваючы дарожную тэму, варта адзначыць яшчэ адзін момант. Усім дарожным службам, у чыёй зоне адказнасці вясковыя дарогі, трэба неадкладна заняцца добраўпарадкаваннем прыдарожных палос. Ачышчаць іх ад смеццезвалак, высякаць і вывозіць старыя дрэвы і кустоўе. Брыдка, калі з праязджаючых машын любуюцца не прыгожымі краявідамі Ляхавіччыны, а неўладкаванасцю і бардаком.
І яшчэ адзін момант наконт уражання ад Ляхавіцкага раёна. Па дарозе да сядзібы Чарноцкіх у Начы хмызняк хутка будзе буяць у рост чалавека. Вось дзе трэба прыкласці намаганні і пажадана талакой. Тым больш, гэта кропка месціцца на маршруце Ляхавіччыны турыстычнай.
– З непрыемнага боку ўразіў непарадак за жылой шматкватэрнай забудовай у Русінавічах (здымак 2). У Падлессі на вуліцы Першамайскай знеслі пустуючы дом, а вось прыбрацца пасля зносу рукі не дайшлі. І такая карціна ў многіх населеных пунктах. Канешне, сельвыканкамам самім з такой задачай справіцца складана, неабходны калектыўны падыход, без дапамогі мясцовых жыхароў не абысціся, – удакладняе Марына Завадская.
Не пасуе пейзаж, намаляваны людской безгаспадарчасцю,
каля Русінавіцкага фізкультурна-аздараўленчага клуба: старыя галінкі дрэў, павысяканае кустоўе звалены ў вялікую кучу. Цяжка вывезці? Напэўна, гэтак жа цяжка прыбраць пасля сябе і работнікам ПМС у аграгарадку Нача. Яшчэ ў снежні мінулага года сіламі ПМС на рацэ Начы быў капітальна адрамантаваны мост. Мост зрабілі, а вывезці рэшткі адходаў, будаўнічых матэрыялаў, навесці дарожны парадак не хапіла сіл і часу?
– Выпісана прадпісанне кіраўніцтву райпо на неабходнасць рамонту ўваходнай групы ў падведамасны магазін у аграгарадку Русінавічы.
Раёну электрасетак трэба брацца за добраўпарадкаванне тэрыторыі, у прыватнасці, размова ідзе пра зараснікі пад апорамі ліній электраперадачы. Патрэбна прыбіранне на землях, што ў зоне адказнасці чыгункі – каля станцыі Рэйтанаў, – удакладняе Марына Завадская.
Камісія выявіла і шэраг іншых праблемных момантаў. Аднак нямала і станоўчых прыкладаў, што пацвярджаюць: жыхары раёна – у большасці дбайныя гаспадары. У Начы праходзіў міні-суботнік. Аграгараджане зграбалі мінулагодняе лісце, старыя галінкі дрэў, прыбіраліся. Зазірніце ў двор Падлескай базавай школы (здымак 1) – утульна, чыста, акуратна.
Чым не прыклады для пераймання?

Галіна КАНЬКО.