Прафесія для сябе і для малой радзімы. У дапамогу ляхавіцкім школьнікам прайшоў кірмаш мэтавай падрыхтоўкі «Будучыня малой радзімы»

Як правільна выбраць прафесію – пытанне актуальнае для старшакласнікаў. У дапамогу ляхавіцкім школьнікам прайшоў кірмаш мэтавай падрыхтоўкі «Будучыня малой радзімы».

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

24 сакавіка ў ГДК адбыўся вялікі сход дзевяцікласнікаў раёна. Нагода –
правядзенне кірмашу мэтавай падрыхтоўкі «Будучыня малой радзімы». Сярод удзельнікаў – шэраг устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і мясцовыя прадпрыемствы, арганізацыі.

Арганізатары – аддзел па адукацыі райвыканкама, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама – пастараліся арганізаваць сустрэчу так, каб школьнікі за кароткі час змаглі пазнаёміцца са шматлікімі прафесіямі, спецыяльнасцямі, пачуць ад прадстаўнікоў прадпрыемстваў пра запатрабаваныя вакансіі і г. д.
Каледжы прэзентавалі сябе цікава і пазнавальна, каля кожнай пляцоўкі разгарнуліся сапраўдныя міні-прадстаўленні.
А пасля школьнікі даведаліся пра тое, якую дапамогу ў працаўладкаванні і прафесійным навучанні аказвае служба занятасці. Ішла размова і пра тое, што такое мэтавае накіраванне. Прадстаўнікі райбальніцы, аддзела па адукацыі райвыканкама, кансервавага завода, лясгаса, райпо, ПМК-13,
«Шляху новага» і «Начы» расказалі, якіх спецыялістаў чакаюць і якімі якасцямі павінны валодаць работнікі.
У ААТ «Шлях новы» маюцца вакансіі інжынераў, эканамістаў, заатэхнікаў, бухгалтараў і іншыя. У ААТ «Нача» будуць рады бачыць спецыялістаў заатэхнічнага і ветпрофілю, а таксама бухгалтараў, інжынераў. Маладыя спецыялісты забяспечваюцца жыллём. На кансервавым заводзе ў планах адкрыццё трэцяй змены, таму будуць запатрабаваны працоўныя прафесіі. Напрыклад, падрыхтоўшчык харчовай сыравіны.

«ЛВ» пацікавіўся ў выкладчыкаў і навучэнцаў уражаннямі ад кірмашу.
Выкладчык агранамічных дысцыплін Ляхавіцкага аграрнага каледжа Святлана ВАЙЦЯХОЎСКАЯ:
– Фармат сустрэчы дазваляе і навучальным установам сябе паказаць, і навучэнцам школ зрабіць правільны выбар. Сёлета на базе дзевяці класаў каледж будзе ажыццяўляць набор па трох спецыяльнасцях: вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання, вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання (тэхнік-тэхнолаг) і ветмедыцына (фельчар).

Загадчык аддзялення Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці імя В. Я. Чарнышова Міхаіл ДЫДЫШКА:
– Кірмаш – выдатная магчымасць пазнаёміць рабят з нашай навучальнай установай, якая рыхтуе спецыялістаў па 11 спецыяльнасцях, сярод якіх мадэляванне, канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; маркетынгавая дзейнасць і іншыя.
Кіраўнік практыкі Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа Аляксандра КАРАЛЬКО :
– Наша ўстанова – філіял Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверстэта, і гэта дае мачымасць нашым выпускнікам паступаць туды без экзаменаў і ЦТ.

Ангеліна ЧАРНЯЎСКАЯ, СШ № 2:
– Цікавае мерапрыемства. Ёсць на што паглядзець і ўзяць на заметку. Плюс у тым, што можна вучыцца недалёка ад дома і пасля працаваць у родных мясцінах.

Раман ЮНІК, гімназія:
– Планую ісці ў дзясяты клас, але пабываць на кірмашы карысна. Асабліва спадабалася прэзентацыя кулінарных уменняў ад Баранавіцкага тэхналагічнага каледжа.

Кацярына ЛІХАЧ, СШ № 2:
– Сёння на кірмашы адразу дзевяць навучальных устаноў. І кожная чымсьці прываблівае. Сапраўдны салон прыгажосці ў Баранавіцкага каледжа тэхналогіі і дызайну. І наш аграрны каледж запрашаў крэатыўна, нават арганізавалі латарэю.

Кірыл ВАРАШЫЛІН, СШ № 1:
– Планую паступаць у Баранавічы ў каледж машынабудавання. На кірмашы пачуў адказы на свае пытанні. Атрымаўся сапраўдны Дзень адчыненых дзвярэй. І ехаць нікуды не трэба.

Арсеній КУРЫЛА, Навасёлкаўская СШ:
– Скажу так: пазнавальна і цікава. Кірмаш выклікаў інтарэс да мноства прафесій. Зараз магу нават падказаць сябрам, куды лепш паступаць пасля дзевяці класаў. Галоўнае, што нас чакаюць на малой радзіме.

Вераніка ЛАПАТКО, Конькаўская СШ:
– Калі б вырашыла паступаць, то выбрала б каледж тэхналогіі і дызайну. Тут навучаюць карысным ведам і ўменням. А яшчэ, думаю, такія спецыяльнасці спатрэбяцца і на Ляхавіччыне.