У суботу – на кірмаш. З раніцы мінулай суботы было гаманліва, шматлюдна, весела на перадрыначнай плошчы ў Ляхавічах

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Хоць пачатак кірмашу і быў прызначаны на 8 гадзін, традыцыйна ён пачаўся раней. Як адзначылі прадстаўнікі ААТ «Нача», прыехалі загадзя, каб паспець заняць месца.
І, напэўна, не прагадалі. На пачатку дзявятай гадзіны раніцы з 4,5 тоны прывезеных пшаніцы і ячменю (збожжа прадавалі па
50 капеек за кілаграм) засталося каля дзясятка мяхоў. Адназначна, збожжа можна назваць адным з самых хадавых кірмашовых тавараў. Гэта якраз той выпадак, калі прапанова задавальняе попыт. Таксама ў 50 капеек за кілаграм ацанілі свае пшаніцу і ячмень ААТ «Жарабковічы», а вось у райпо збожжа было на 20 капеек даражэй. ААТ «Шлях новы» выставіў за пшаніцу 57 капеек за кілаграм, ячмень – 52 капейкі. І на гэты тавар знайшоўся свой пакупнік.
Яшчэ адзін нязменны лідар восеньскага продажу – бульба. Без зімовых запасаў другога хлеба не абыходзіцца ні адна беларуская сям’я. Адназначна, «саліравалі» і ў прапанове, і ў пакупніцкім попыце на бульбу СВК «Ляхавіцкі» і «Жарабковічы». Жарабковіцкія «скарб» і «першацвет» раскуплялі па 50 капеек за кілаграм, насенны варыянт – па 60 капеек. Ляхавіцкі «скарб» адпаведна па 55 і 60 капеек. Гандлявалі бульбай таксама райпо і гаспадары-прыватнікі, фермеры.
Тавар-хіт – і духмяны мёд. Каля аўто, дзе гандляваў мёдам Ляхавіцкі лясгас, людзей было нямала, цікавіліся, які мёд, куплялі з задавальненнем. Тара, у якой 1,34 кілаграма мёду, каштавала 17,6 рубля, а 0,8 кілаграма – 10,6 рубля. Некаторыя прамой наводкай ішлі да гаспадароў, якія займаюцца мядовай справай, і куплялі, як сцвярджаюць, у правераных людзей.


Буракі, моркву, капусту, цыбулю, памідоры, перац, яблыкі пра-
панавалі райпо, фермеры і прыватныя гаспадары. Цана пры-
блізна аднолькавая. Напрыклад, капуста – 55–60 капеек за кілаграм, морква – 70 капеек – рубель, памідоры – 2-3 рублі, перац – 3-4 рублі, цыбуля – 1-1,3 рубля. Нягледзячы на тое, што гэты год для нашага раёна ўрадлівы на яблыкі, нельга сказаць, што садавіны было на кірмашы шмат.

Якіх толькі саджанцаў садовых дрэў, кветак не прывезлі ў Ляхавічы з Клецкага раёна! Землякі куплялі будучыя яблыні, вішні, грушы, маліну, парэчку з задавальненнем. Прадавец толькі паспявала адказваць на пытанні, як і калі высаджваць, як даглядаць, які чакаць ураджай.
Лясныя дары – грыбы – прывезлі на кірмаш аматары ціхага палявання. А садаводы прапаноўвалі свежую маліну, ажыну, а таксама арэхі, вінаград, грушы. Журавінамі гандлявалі райпо і дбайныя землякі, якія паспелі самі назбіраць ягад
на балоце. Раскуплялі журавіны даволі актыўна, некаторыя бралі адразу па пяць кілаграмаў.
Лідарам па разнастайнасці асартыменту на першым восеньскім кірмашы стала Ляхавіцкае райпо, якое не толькі парадавала багатым выбарам агародніны, стала адзінай арганізацыяй, якая гандлявала мясам, але і прапанавала тавар уласнай вытворчасці – капусту квашаную па 2,84 рубля за кілаграм, раскладзеную ў пластыкавыя вядзерцы. Запатрабаванай стала і райпоўская прапанова –
аказанне платных транспартных паслуг: за адзін кіламетр паўтара рубля.

ПРАЦЯГ ЧЫТАЙЦЕ Ў «ЛЯХАВІЦКІМ ВЕСНІКУ» за 12 КАСТРЫЧНІКА

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.