Меркаванні пра Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту выказала старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама

Імкнёмся да таго, каб умовы жыцця ў сельскіх населеных пунктах былі максімальна набліжаны да гарадскіх

Свае меркаванні пра Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту выказала старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама Ніна Булатая:

  • Увага Кіраўніка дзяржавы да аграгарадкоў, адзназначна, будзе стымуляваць іх развіццё. Мы імкнёмся да таго, каб умовы жыцця ў сельскіх населеных пунктах былі максімальна набліжаны да гарадскіх, каб дзейнічалі сацыяльныя аб’екты: медыцынская ўстанова, школа, дзіцячы садок, Дом культуры, арганізацыі бытавога абслугоўвання, аддзялені пошты і банка, магазіны.
    Сёння на тэрыторыі Жарабковіцкага сельсавета два аграгарадкі: Падлессе і Жарабковічы. І ўся згаданая інфраструктура ў нашых аграгарадках ёсць. Калі даводзіцца спыніць работу той ці іншай сельскай установы, папярэдне праводзіцца дэталёвае вывучэнне пытання. Так, летась у Падлессі закрылі аддзяленне Беларусбанка, папярэдне неаднойчы праводзілі сельскія сходы, дзе тлумачылі, што самыя запатрабаваныя банкаўскія паслугі можна будзе атрымаць у паштовым аддзяленні сувязі.
    Але толькі адных сацыяльных даброт недастаткова. Людзям неабходна работа там, дзе яны жывуць. З працаўладкаваннем у нас няма праблем. ААТ “Жарабковічы” гатова прадаставіць работу кожнаму. Не застаюцца па-за ўвагай нават тыя, хто калісьці аступіўся і быў асуджаны, вярнуўся ў родныя мясціны пасля адбывання пакарання. Добрыя працаўнікі забяспечваюцца і жыллём.