Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу пракаменціраваў старшыня Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта

«Сёння Беларусь прадэманстравала ўсяму свету: з намі варта лічыцца, наша пазіцыя ў складанай геапалітычнай абстаноўцы – відавочная і непахісная. Мы нікому не дазволім замахвацца на нашу тэрытарыяльную цэласнасць»- старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз.

Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу пракаменціраваў старшыня Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз:

-Самы галоўны пасыл, які прагучаў падчас Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Парламенту, – захаванне і ўмацаванне нашага суверэнітэту любой цаной. Больш таго, Прэзідэнт адназначна падкрэсліў, што для гэтага ў нас усё ёсць: наша абараназдольнасць – паказальная, гэта не аднойчы дэманстравалі вучэнні на самых розных узроўнях.

Безумоўна, рэзанансна і разам з тым моцна прагучала навіна пра размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі нашай краіны. Сёння Беларусь прадэманстравала ўсяму свету: з намі варта лічыцца, наша пазіцыя ў складанай геапалітычнай абстаноўцы – відавочная і непахісная. Мы нікому не дазволім замахвацца на нашу тэрытарыяльную цэласнасць. Слова нашага Кіраўніка дзяржавы гучыць аўтарытэтна, яго дзеянні заўжды прадуманыя і абараняюць інтарэсы свайго народа. Чаго заходнім кіраўнікам, на жаль, не хапае ў кіраўніцкай біяграфіі: лепш задаволіць лялькаводаў замежжа, чым прадумаць наперад, як будзе жыць народ далей. Таму ва ўмовах націску, фальшывых інтарэсаў так званых краін натаўскага блоку, размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі выглядае як важкі крок да ўмацавання нашага суверэнітэту.

Суверэнітэт – гэта і наша стабільная эканоміка. Ляхавіцкія сельгаспрадпрыемствы даказалі, што, незалежна ад знешнепалітычных умоў, могуць паказваць годны вынік, знайсці новыя рынкі збыту і пераадолець санкцыйны націск. Ляхавіцкі льнозавод, напрыклад, пашырае спектр выпускаемай прадукцыі, кіраўніцтва знайшло новыя рынкі збыту, ёсць попыт. Тое ж дэманструе і кансервавы завод, які значна пашырыў знешні гандаль з расійскімі рэгіёнамі.
Не магу не адзначыць і перспектывы нашых прыватных прадпрыемстваў «ЮстаПласт», “Яблыневы пасад”, ”Трансэлектракамплект”, “Фермент”, “Акусцікмаш”, “Інтэрлак”, “Металапластмас”. Сёння той, хто настойліва і сумленна працуе, мае вынік. А для ляхавічан гэта пашырэнне працоўных месцаў, рост заработнай платы. І вось гэта – таксама патрыятызм.

Увогуле, наш суверэнітэт залежыць ад кожнага грамадзяніна. Быць патрыётам на сваіх месцах: адказна працаваць, рабіць свой край прывабным. Марыць не пра пераезд у іншы горад, а самому ствараць куток сваёй мары. Прэзідэнт не аднойчы закранаў гэту тэму. Сёння варта па-іншаму паглядзець на райцэнтры, умацаваць інфраструктуру, асаблівая ўвага – населеным пунктам у сельскай мясцовасці. Ляхавіччына сёння можа прапанаваць працоўныя месцы на прадпрыемствах і ў арганізацыях за гарадской мяжой, а, галоўнае, – забяспечыць жыллём. Працуем над пашырэннем квадратных метраў і ў горадзе. Зараз ідзе будаўніцтва 60-кватэрнага дома па вуліцы Южакова.

Прэзідэнт не аднойчы падкрэсліваў, што толькі ў адзінстве можна перажыць цяжкія часы. Наша РАЗАМ ужо не раз паказвала, што так мы паспяхова працуем, так мы спраўляемся з цяжкасцямі, так мы аберагаем нашу Беларусь. Беларусь – гэта сям’я. У гэтым сіла нашага народа.