Хто з Ляхавіцкага раёна прызваны на ваенныя зборы?

Ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь працягваецца праверка баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці.
З Ляхавіцкага раёна на ваенныя зборы з 3 красавіка прызваны з запасу афіцэры і прапаршчыкі, сяржанты і салдаты – усяго каля двух дзясяткаў чалавек, расказаў «ЛВ» начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Арцём Кірута. У армейскі строй сталі ваеннаабавязаныя рознага ўзросту і сфер дзейнасці, якія маюць разнастайныя ваенныя спецыяльнасці. Нашых землякоў накіравалі ў воінскую часць, што дыслацыруецца ў Слоніме.
– Ваенныя зборы не новая форма праверкі боегатоўнасці прызваных з запасу ваеннаслужачых. Яна праходзіць штогод з мэтай ацэнкі ўменняў ваеннаабавязаных, іх вывучкі і гатоўнасці да абароны сваёй Радзімы, – адзначае начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна.
У праграме сёлетніх ваенных збораў – удасканаленне навыкаў валодання зброяй і ваеннай спецыяльнай тэхнікай, выкананне вучэбна-баявых задач. Удзельнікі вучэнняў пазнаёмяцца і з новымі ўзорамі тэхнікі, якая маецца на ўзбраенні беларускай арміі.
Сваіх родных ляхавічане чакаюць дома да 1 мая.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.