Небяспечныя «ўсходы». Які «ўраджай» сустракаецца на палетках Ляхавіцкага раёна?

Сезон веснавых палявых работ толькі набірае абароты. Аграрыі раёна рыхтуюць сельгаспалеткі, многія прыступілі да яравой сяўбы. А асобным здараецца сустракацца з «ураджаем». Іржавым, «пасеву» ўжо далёкіх 1940-х гадоў мінулага стагоддзя, які ўсё яшчэ знаходзіцца ў беларускіх палях і тоіць у сабе смяротную небяспеку.

Як расказаў вядучы аграном ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Мікалай Герасімовіч, выбухованебяспечныя знаходкі часоў Вялікай Айчыннай вайны і зараз, амаль праз восем дзесяцігоддзяў пасля яе завяршэння, усё яшчэ не рэдкасць:
– Практычна штогадова падчас правядзення палявых работ даводзіцца сустракацца з нечым падобным. То культыватар падыме снарад, то сеялка зачэпіць мінамётны боепрыпас. Як здаецца, найбольш багатымі на небяспечныя сюрпрызы з’яўляюцца землі дараўскай зоны. Кажуць, падчас вайны ў гэтых мясцінах вялося асабліва актыўнае артылерыйскае супрацьстаянне. На такі выпадак існуе просты алгарытм дзеянняў – адразу ж набіраем аператыўна-дзяжурную службу РАУС. Міліцыя рэагуе хутка: прыязджаюць, да моманту прыбыцця сапёрнай групы выстаўляюць пост аховы, – гаворыць Мікалай Герасімовіч.


Не абышлося без іржавых сюрпрызаў і гэтай вясной, калі падчас вя-дзення палявых работ непадалёку ад вёсак Лабузы і Ураджайнай ільнозаводскія аграрыі наткнуліся на шэраг выбухованебяспечных прадметаў. Група размініравання базы інжынерных боепрыпасаў 4970, якая па выкліку аператыўна прыбыла з месца сваёй пастаяннай дыслакацыі ў Старадарожскім раёне Мінскай вобласці, «падняла» мінамётную міну 85-міліметровага калібра, два артылерыйскія снарады 45- і адзін 152-міліметровага калібра. Усе боепрыпасы адносяцца да часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Параўнальна непадалёку ад месцаў знаходак, у закінутым лясістым кар’еры міна і артснарады былі знішчаны. Як расказаў начальнік групы размініравання Аляксанд Савасцюк, і міна, і кожны са снарадаў прайшлі праз канал ствала артылерыйскай гарматы, пра што сведчаць пакінутыя на іх сляды, пры сутыкненні з зямлёй маглі атрымаць пашкоджанні. Таму патрабуюць асабліва асцярожнага абыходжання падчас абясшкоджвання.
Не паспела група размініравання завяршыць сваю баявую работу ў Ляхавіцкім раёне, як паступі-ла «арыенціроўка» з суседняга Баранавіцкага: палявыя работы, выбухованебяспечны прадмет. МАЗ з ярка-чырвоным надпісам «Размініраванне» на бартах узяў баявы курс недзе за магістраль М1.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара