Для кожнага зярнятка – свой час і свае градкі. Як праходзіць пасяўная кампанія на Ляхавіччыне

Падчас вядзення пасяўных работ ці не галоўным правілам агранома з’яўляецца захаванне тэрмінаў – правесці сяўбу сельгаскультур у аптымальна вызначаны перыяд часу, выбудаваць пасяўную ў адпаведнасці з тэмпературным «ранжырам».

З ранніх пачынаюць, для льну ці, напрыклад, цукровых буракоў прадугледжаны свой момант ісціны ў яравой кампаніі. Завяршаюць апошнюю цеплалюбівыя крупяныя, кукуруза. Дарэчы, пра яе. Другая палова гэтага тыдня сустрэла дзённымі тэмпературамі пад 20 градусаў па Цэльсію. Прыгрэла і як належыць прагрэла глебу сельскагаспадарчай нівы. Ды так, што ў раёне ўжо адзначаны факт сяўбы кукурузы. Пакуль, па стане на мінулы чацвер, адзінкавы – у ЗАТ «Белпрампрыбор». Але ж адметнай у гэтай сітуацыі з’яўляецца тэндэнцыя – гаспадаркі раёна завяршылі ці завяршаюць з раннімі збожжавымі і зернебабовымі і выходзяць на наступнае кола яравой пасяўной.
Больш як на тысячы «ранніх» гектараў адсеялася ўжо ААТ «Жарабковічы». Апроч самых вялікіх у раёне пасеваў названай групы, прадпрыемства з’яўляецца і лідарам па вытворчасці цукровых баракоў. Іх сяўбой, у прыватнасці, зараз і займаюцца. Пад буракамі ўжо знаходзіцца больш за чвэрць запланаванага пад культуру масіву плошчаў, ад патэнцыяльна намінальных дзевяці сотняў гектараў дзень за днём застаецца ўсё менш. Каля тыдня назад атрымалася пабываць на жарабковіцкім салодкім палетку. Уражанняў і высноў некалькі. У тым ліку і бачанне таго, што ў любы момант гаспадарка можа прыбавіць з сяўбой салодкіх «мандарынаў», «брава», «моллі» і іншых, узятых сёлета за аснову гібрыдаў караняплода.
У другога буракавытворцы раёна ААТ «Шлях новы» асноўны сегмент работы з названай сельгаскультурай яшчэ наперадзе. Заняты пакуль менш за два дзясяткі працэнтаў ад папярэдне вызначанага масіву плошчаў. З буракамі таксама працуюць, плануюць працаваць СУП «Ліпнянка», асобныя сялянскія (фермерскія) гаспадаркі.
Ячмень, у тым ліку як сыравіна для піваварнай вытворчасці, пшаніца і, магчыма, іншыя найменні сельгасраслін яравой групы ў той або іншай ступені застаюцца пад увагай аграрыяў раёна.
Вытворцаў ільну ў раёне толькі два – ільнозавод і льнонасенстанцыя. Для першых вынікам стануць амаль 2,2 тысячы засеяных гектараў, для другіх – 440. Між іншым, і завод, і станцыя пераадолелі ўжо свой пасяўны экватар.
Іван КАВАЛЕНКА.