Прынцыпова і без кампрамісаў. За першыя тры месяцы 2023 года ў Ляхавіцкім раёне ўчынена чатыры карупцыйныя злачынствы

Справы карупцыйнай накіраванасці, як правіла, сярод самых
рэзанансных у грамадстве, а барацьба з імі была і застаецца прынцыповай

– У краіне вядзецца паслядоўная, бескампрамісная, прынцыповая барацьба з такім сацыяльным злом, як карупцыя, якая адмоўна ўплывае на ўсе сферы грамадскага жыцця. Нагадаю, што да карупцыйных злачынстваў адносяцца дача і атрыманне хабару, пасрэдніцтва ў дачы хабару, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і іншыя. Дарэчы, улічваючы высокую небяспечнасць і цяжкасць такога кшталту злачынстваў, згодна з Дэкрэтам № 3 «Аб дадатковых мерах па барацьбе з карупцыяй», грамадзяне, якія асуджаны за гэтыя злачынствы, не маюць права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне і замену неадбытай часткі пакарання на больш мяккае. Важна стварыць такую атмасферу непрыняцця ў грамадстве карупцыі, зрабіць усё магчымае, каб папярэдзіць супрацьзаконныя ўчынкі, у тым ліку і ў плане хабарніцтва, – адзначае начальнік РАУС Андрэй Бурдзь.
Што тычыцца сітуацыі з карупцыйнымі злачынствамі на Брэстчыне, то па словах начальніка РАУС, летась іх колькасць зменшылася са 128 да 104 у параўнанні з 2021 годам. Больш за ўсё злачынстваў, звязаных з хабарніцтвам – 56, крадзяжамі шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі – 42. Найбольшая колькасць фактаў хабарніцтва зарэгістравана ў сферы сельскай гаспадаркі і харчавання (22).
Пакаранне па артыкуле 430 Крымінальнага кодэкса панесла 41 службовая асоба дзяржаўных устаноў і арганізацый, 15 – недзяржаўных арганізацый. А вось у першым квартале 2023 года колькасць улічаных карупцыйных злачынстваў на тэрыторыі Брэстчыны павялічылася ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года з 19 да 30. Па завершаных крымінальных справах выяўлены 22 асобы, якія ўчынілі карупцыйныя злачынствы.
У дачыненні Ляхавіччыны Андрэй Бурдзь прывёў наступныя лічбы: за першыя тры месяцы 2023 года ў нашым раёне ўчынена чатыры карупцыйныя злачынствы: крадзеж у буйных памерах, махлярства ў буйных памерах, службовы падлог, махлярства. Адзін фігурант арыштаваны, астатнія – пад падпіскай аб нявыездзе.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў асноўныя намаганні накіроўваюць на выяўленне і спыненне злачынных карупцыйных і эканамічных схем, адпрацоўку прадпрыемстваў, што забяспечваюць функцыянаванне значных галін эканомікі, ажыццяўленне кантролю за мэтавым і эфектыўным выкарыстаннем дзяржаўнай маёмасці, бюджэтных сродкаў, у тым ліку пры правядзенні дзяржаўных закупак, рэалізацыі дзяржпраграм і інвестыцыйных праектаў, супрацьдзеянне
неабгрунтаванай пасрэдніцкай дзейнасці і легалізацыі злачынных даходаў.
Каб не трапіць у разрад злачынцаў-карупцыянераў, неабходна жыць па законе і па сумленні. Як адзначыў начальнік РАУС, нельга паддавацца спакусе вырашыць тое ці іншае пытанне з выгадай для сябе за хабар. У якасці прыкладу – выпадак, калі інжынер аднаго з сельгаспрадпрыемстваў атрымаў хабар ад прадпрымальніка з Мінска. У злачынны ланцужок былі ўцягнуты і блізкія ўдзельнікаў карупцыйнай схемы. Бліжэйшыя гады вінаватым давядзецца правесці ў месцах пазбаўлення волі. Зразумела, наколькі цяжка будзе іх сем’ям жыць з думкай, што блізкі чалавек пайшоў на злачынства.
Андрэй Бурдзь заўважыў: антыкарупцыйны накірунак дзейнасці патрабуе больш пільнай увагі з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый. Неабходна ўлічваць усе фактары і рызыку, якія ствараюць умовы для карупцыйных праяўленняў і злачынстваў.

Галіна КАНЬКО.