Работа, якая не спыняецца. На апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама падвялі вынікі месячніка па добраўпарадкаванні горада і населеных пунктаў

У мінулы аўторак на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама падвялі вынікі месячніка па добраўпарадкаванні горада і населеных пунктаў, які праходзіў на Ляхавіччыне з 20 сакавіка па 21 красавіка.

Сярод мерапрыемстваў месячніка – азеляненне, навядзенне парадку, рамонт і абнаўленне фасадаў будынкаў, добраўпарадкаванне кантэйнерных пляцовак для збору ЦБА, ліквідацыя несанкцыянаваных сметнікаў, рамонт вулічнай дарожнай сеткі і г. д. Асаблівае значэнне нададзена добраўпарадкаванню месцаў воінскай славы і пахаванняў герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Шчыравалі працоўныя калектывы, стараліся навесці парадак і навучэнцы, гаспадары падвор’яў.
Як адзначыла начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марына Завадская, запланаваныя ў межах месячніка мерапрыемствы выкананы не ўсе ці зроблены часткова. Напрыклад, застаюцца на кантролі ў райвыканкаме пытанні выдалення аварыйных дрэў каля вадаёма ў вёсцы Рачканы, добраўпарадкаванне тэрыторыі ў Начы пасля пракладкі інжынерных сетак, рамонт агароджы кацельняў і іншыя.
Па словах Марыны Завадскай, нягледзячы на значны аб’ём праведзенай работы, маюцца праблемныя пытанні, якія датычаць утрымання прыдарожных насаджэнняў, зносу пустуючых дома-
ўладанняў, утрымання вулічнай дарожнай сеткі і дарожных аб’ектаў і г. д. Пытанні гэтыя не здымаюцца з парадку дня.
Навядзенне чысціні і парадку, у тым ліку на тэрыторыі гаражных, жыллёва-будаўнічых кааператываў і масіваў маніторылася раённай аператыўнай групай. Капітальнае прыбіранне ўключала і разнастайныя акцыі, сярод якіх «Чысты вадаём», «Тыдзень лесу».
Па інфармацыі лясгаса, падчас экалагічнай акцыі сумесна з калектывамі раёна высаджана больш за 120 тысяч сеянцаў розных парод дрэў, створана 25 гектараў лесу. А за сакавік – красавік высаджана больш за 450 тысяч саджанцаў сасны, дуба, вольхі, бярозы і елкі, створана 148 гектараў лесу, у тым ліку пасеяна 36 гектараў.
У райцэнтры падчас месячніка добраўпарадкавання высаджана 230 дрэў, сем дзясяткаў кустоў і іншых раслін.
Санітарны стан земляў раёна, правільнае іх выкарыстанне, навядзенне чысціні – зона адказнасці райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, райЦГіЭ, аддзела землеўпарадкавання райвыканкама. Кіраўнікі пералічаных службаў трымалі справаздачы па праведзенай рабоце па навядзенні парадку.
Так, начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская падкрэсліла, што працягваецца работа па ачыстцы прыдарожнай тэрыторыі ляснога фонду каля вёсак Набярэжнай і Савейкі, выдаляюцца старыя дрэвы ўздоўж трасы Р-43 і аўтадарогі Ляхавічы – Баранавічы і г. д.
Кіраўнік раёна Мікалай Мароз адзначыў, што, нягледзячы на зробленае, маюцца яшчэ тэрыторыі, дзе трэба добра папрацаваць.
– Не трэба чакаць, што хтосьці прыйдзе і зробіць. Кожны на сваім працоўным месцы павінен уносіць пасільны ўклад у росквіт роднага краю, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.
Работа па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні на замацаваных і падведамасных тэрыторыях працягваецца.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.