Пэўная не азначае поўная. Што абмяркоўвалася на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама

На апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмяркоўвалася навядзенне парадку на тэрыторыі Жарабковіцкага сельсавета.

Як прагучала падчас пасяджэння, тэрыторыя адміністрацыйнай адзінкі распаўсюджваецца амаль што на 14 тысяч гектараў. Тут размешчана пяць садаводчых таварыстваў, а буйнейшымі землекарыстальнікамі ў межах сельсавета з’яўляюцца ААТ «Нача» і «Жарабковічы». На долю апошняй гаспадаркі прыпадае галоўная частка валавой вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў раёне. А з улікам яго валаўтваральнай і сацыяльнай значнасці парадак на зямлі сельсавета ў многім базіруецца ў межах ААТ – на фермах, якіх у гаспадарцы нямала, машынных дварах, зернепадрыхтоўчых комплексах, іншых аб’ектах вытворчасці і прылеглых да іх тэрыторыях.
Намеснік дырэктара ААТ Леанід Варвашэвіч у падрабязнасцях расказаў пра работу па добраўпарад-каванні, якая была праведзена гаспадаркай за апошні час. Па словах, адно толькі дзікарослага кустоўя ў аграгарадку Жарабковічы было высечана больш як на гектары плошчаў. У Жарабковічах раскарчавана некалькі гектараў саду, і цяпер, каб першачаргова ўпарадкаваць гэтыя гектары, застаецца завяршыць вывазку пнёў. Размешчаны непадалёку аграгарадка былы кар’ер прайшоў аздараўленне культурна-тэхнічнымі мерапрыемствамі. На МТФ «Падлессе», на якой пасля поўнага уводу ў эксплуатацыю будзе размешчана тысяча галоў буйной рагатай жывёлы, разгорнуты работы па добраўпарадкаванні і абгароджванні тэрыторыі.
Прыбіраецца смецце з тэрыторый, што прылягаюць да вытворчых аб’ектаў прадпрыемства, выконваюцца работы па зносе трухлявых дамоў і старых жывёлагадоўчых пабудоў.
Машынныя двары, а іх у прадпрыемства аж пяць, не застаюцца без увагі ніколі. На некаторых з машдвароў праведзена прыбіранне, адбылася падсыпка гравійнай сумессю пляцовак для захоўвання сельгасмашын, выкананы рамонт агароджаў, тэрыторый і іншае. З улікам таго, што тэрыторыі малочнатаварных фермаў і рамонтных майстэрняў не ўсе маюць цвёрдае пакрыццё, умовы надвор’я не дазволілі правесці ўсе работы па навядзенні парадку на належным узроўні. Яны будуць працягвацца і ў далейшым, запэўніў Леанід Варвашэвіч.
Свой спіс добрых спраў, праведзеных у тым ліку падчас месячніка па добраўпарадкаванні, прывяла старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама Ніна Булатая. А вось кіраўнікі кантрольна-наглядных службаў раёна – санітарнай, прыродаахоўнай, землеўпарадкавальнай – былі не настолькі аптымістычнымі. Маўляў, многае ў плане парадку на тэрыторыі сельсавета зроблена. Аднак, пакуль далёка не ўсё. Гэтае меркаванне падтрымаў і старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.

Іван КАВАЛЕНКА.