Было цёпла і камфортна. А як у наступным сезоне? На Ляхавіччыне пачалася падрыхтоўка да чарговага ацяпляльнага сезона

Паступова ў дамах і кватэрах і без цэнтральнага ацяплення становіцца ўсё камфортней – як-ніяк набліжаецца лета. А тым часам пачалася падрыхтоўка да чарговага ацяпляльнага сезона. Пра тое, якім ён будзе, трэба клапаціцца ўжо сёння. У першую чаргу, варта азірнуцца на мінулы ацяпляльны перыяд, прааналізаваць, правесці работу над памылкамі, каб не паўтараць іх зноў.

Чым адзначыўся ацяпляльны сезон

Галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Наталля Маслоўская прааналізавала вынікі мінулага ацяпляльнага сезона, спынілася на недахопах і акрэсліла асноўныя задачы на сёлета. Па яе словах, аб’екты народнагаспадарчага комплексу Ляхавіччыны ў ацяпляльным перыядзе 2022/2023 года працавалі ўстойліва. Была нарыхтавана неабходная колькасць запасаў паліва, ажыццяўлялася яго рытмічная пастаўка на кацельні, забяспечана бесперабойнае паступленне спажыўцам прыроднага і звадкаванага газу.
Наталля Маслоўская нагадала, што да 1 верасня 2022 года ўсе цеплакры-ніцы і спажыўцы атрымалі пашпарты гатоўнасці. Разам з тым адзначана: штогод узнікаюць праблемныя моманты пры рэгістрацыі пашпартаў гатоўнасці.
Усе шэсць спажыўцоў электраэнергіі, якія маюць дызельныя электрастанцыі (участак электрасувязі, аперацыйнае і рэанімацыйнае аддзяленні райбальніцы, квартальная кацельня камунгаса, пазаведамасная ахова, РАУС,ЗТАА «Белдан») бесперабойна забяпечваліся сілкаваннем.
У цэнтры аператыўнага кіравання РАНС не зарэгістравана адключэнняў электразабеспячэння населеных пунктаў. У мінулым годзе мелі месца дзве надзвычайныя сітуацыі прыроднага характару. У лютым з-за моцнага ветру нанесена шкода будынкам ААТ «Шлях новы», «Жарабковічы», СВК «Ляхавіцкі», СУП «Ліпнянка», камунгаса. У снежні ў лясгасе разбураны цяпліцы па прычыне нагрузкі на канструкцыі з-за моцных ападкаў у выглядзе снегу і ледзянога дажджу.
Усе 25 перасоўных і 11 стацыянарных электрагенератараў знаходзяцца ў спраўным стане. Застаецца праблемнае пытанне ў забеспячэнні электра-генератарамі СУП «Ліпнянка», дзе яны ўвогуле адсутнічаюць.
Раёнам электрасетак да асенне-зімовага сезона праведзены рамонты даху закрытых трансфарматарных падстанцый, капітальны рамонт паветраных ліній электраперадачы, комплексных трансфарматарных падстанцый, ачышчаны прасекі. За ацяпляльны перыяд адбылося 12 аварыйных адключэнняў ліній электраперадачы. У кожным выпадку работнікі РЭС выпраўлялі сітуацыю ў максімальна кароткія тэрміны. Праблемай застаецца адсутнасць у РЭС сродкаў тэлемеханізацыі і тэлекіравання, пры іх наяўнасці тэрмін лакалізацыі пашкоджаных участкаў ліній электраперадачы мог быць істотна скарочаны.
Добра спрацавалі работнікі раёна газазабеспячэння. Іх заслуга ў тым, што спажыўцы былі бесперапынна і безаварыйна забяспечаны прыродным і звадкаваным газам. Для гэтага праводзіцца тэхнічнае абслугоўванне індывідуальных жылых дамоў, праточных газавых воданагравальнікаў, сэрвіснае абслугоўванне катлоў, замена газавыкарыстальнага абсталявання. Сярод асноўных задач на перыяд 2022/2023 года – перавод спажыўцоў у Жарабковічах, Начы, Альхоўцах на прыродны газ, поўнае тэхнічнае абслугоўванне газавага абсталявання кватэр, сэрвіснае абслугоўванне газавыкарыстальнага абсталявання.
Наталля Маслоўская расказала, што за мінулы ацяпляльны перыяд не было парушэнняў і збояў у падачы цяпла ва ўстановы аховы здароўя, аб’екты сацыяльнай сферы, у тым ліку навучальныя і культурныя ўстановы. Адносна планаў на гэты год. Ва ўста-новах культуры будуць правераны цеплакрыніцы, вадамеры, прамыты ацяпляльныя сістэмы. Запланавана падключэнне будынкаў Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў да сістэ-мы цэнтралізаванага ацяплення, а ў Жарабковіцкім СДК правядзенне рамонту сістэмы ацяплення з заменай катла, у Навасёлкаўскім СДК чакаецца замена аўтаматычнага абсталявання газавых катлоў.
Падводзячы вынікі, Наталля Маслоўская зазначыла, што ўсе прад-прыемствы і арганізацыі своечасова разлічваліся за спажыванне электра- і цеплаэнергіі.

Задачы для камунгаса: вырашаныя і запланаваныя

Зразумела, асноўны цяжар ацяпляльнага сезона бярэ на сябе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
У зоне адказнасці камунгаса выпадкаў спынення цеплазабеспячэння па прычыне адсутнасці запасаў паліва ці выхаду са строю агрэгатаў не рэгістравалася. Дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі паведаміў, што ўвод у эксплуатацыю новай гарадской кацельні на мясцовых відах паліва па вуліцы Чкалава дазволіў ЖКГ выканаць паказчык па энергазберажэнні на мінус 30,7 працэнта (заданне мінус 15 працэнтаў), што ў сваю чаргу станоўча адбілася на выкананні данага паказчыка ў цэлым па раёне (мінус 4,2 працэнта пры заданні мінус 3,9 працэнта). Усяго на балансе камунальнай арганізацыі
25 кацельняў: сем з іх газавыя, 18 на цвёрдых відах паліва. Кожная кацельня на ЦВП мае склады для захоўвання торфабрыкету, навесы для захоўвання дроў. Андрэй Чайкоўскі расказаў, што ў мінулым годзе заменена 3,1 кіламетра цепласетак. У аграгарадку Навасёлкі пракладзена новая траса працягласцю 0,8 кіламетра да дзіцячага садка. Акрамя таго, летась выкананы рамонт даху жылых дамоў агульнай плошчай 2 850 квадратных метраў, адрамантавана 250 пагонных метраў стыкаў сценавых панэлей, прафілактычны рамонт закрануў 93 цеплавыя пункты, зроблена гідрапрамыўка 67 сістэм ацяплення ў жылых дамах. Шэраг мерапрыемстваў праведзены на ўчастку «Водаправод і каналізацыя».
Дырэктар камунгаса паведаміў, што за ацяпляльны перыяд 2022/2023 года ў Ляхавіцкую ЖКГ са службы 115 паступіла 79 заявак са скаргай на работу сістэм ацяплення, пераважная боль-шасць (42) з якіх тычылася заявак на распаветрыванне сістэм ацяплення, 20 – на адсутнасць ацяплення ў кватэрах, па пяць – на перагрэў жылых памяшканняў і адсутнасць ацяплення ў месцах агульнага карыстання. Таксама былі прэтэнзіі на слабы напор гарачай вады, адсутнасць гарачага водазабеспячэння і іншае.
Нямала, па словах Андрэя Чайкоўскага, патрабуецца зрабіць для таго, каб паспяховым стаў ацяпляльны сезон 2023/2024 года. Агучаны асноўныя мерапрыемствы. Сярод іх – афармленне пашпартаў гатоўнасці на 25 кацельняў, стварэнне запасаў паліва ў памеры сямі тысяч кубічных метраў дроў і васьмі тысяч кубічных метраў шчапы, рамонту 3 154 квадратных метраў даху, прафілактычны рамонт 93 цеплавых пунктаў, гідрапрамыўка 44 сістэм ацяплення ў жылых дамах, рамонт 250 пагонных метраў стыкаў сцен і 98 балконаў, паверка 64 прыбораў уліку цеплавой энергіі. Да пачатку сезона неабходна забяспечыць гатоўнасць 287 жылых дамоў. Шэраг работ закране ўчастак кацельнай гаспадаркі. У 2023 го-дзе работы па замене цепласетак будуць праводзіцца ў Ляхавічах, даведзены паказчык складае тры кіламетры. На гэтыя мэты плануецца накіраваць каля 700 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў. Пасля таго, як аб’екты будуць уведзены ў эксплуатацыю, эканомія складзе 23 тысячы рублёў у год. Пасля капі-тальнага рамонту вадагрэйнага катла ў кацельні вёскі Галаўнінцы (кошт работ – 25 тысяч рублёў з бюджэту) яго каэфіцыент карыснага дзеяння павялічыцца, што дазволіць знізіць спажыванне энергарэсурсаў. Дайшла чарга і да рэканструкцыі кацельні ў аграгарадку Конькі з устаноўкай эфектыўнага цеплагенерыруючага абсталявання і пераводам кацельні ў аўтаматычны рэжым работы. Прыблізны кошт аб’екта – 250 тысяч рублёў.
Павінна спраўдзіцца і мара жыхароў некаторых вуліц у райцэнтры. Запла-навана будаўніцтва каналізацыйных сетак па вуліцах Камсамольскай, Спакойнай, завулку Спакойным у г. Ляхавічы агульнай працягласцю 0,6 кіламетра з долевым удзелам жыхароў. Перакладка водаправодных сетак чакаецца ў Галаўнінцах і Малым Гарадзішчы (крыніца фінансавання – абласны бюджэт у памеры 240 тысяч рублёў). За кошт сродкаў абласнога і рэспубліканскага бюджэту (705 ты-сяч рублёў) плануецца будаўніцтва дзвюх станцый абязжалезвання ў Каранеўшчыне і Ураджайнай.
Капітальны рамонт пройдзе ў трох жылых дамах: № 1 па вуліцы Маякоўскага ў Каранеўшчыне, № 9 па вуліцы Заводскай у Тухавічах,
№ 8 па вуліцы Южакова ў Ляхавічах. Арыенціровачны кошт – 1 570 тысяч рублёў з абласнога бюджэту і сродкаў адлічэнняў насельніцтва. На бягучы рамонт жыллёвага фонду выдаткавана на гэты год 128 тысяч рублёў, за першы квартал асвоена 92 тысячы рублёў.
Галіна КАНЬКО