«Веснікаўцы» ініцыявалі экскурсію для навучэнцаў на СААТ «Ляхавіцкі малочны завод»

Тэме прафарыентацыі надаецца істотная ўвага і на старонках «Ляхавіцкага весніка». З усім, што звязана з выбарам будучай прафесіі, дзеляцца з землякамі і юныя калегі «веснікаўцаў» – удзельнікі праекта «Школьны дзённік». І ў рэдакцыю прыязджаюць са школ раёна, каб пазнаёміцца з рознымі прафесіямі, звязанымі з журналістыкай.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

«Веснікаўцы» ініцыявалі экскурсію для навучэнцаў на адно з прадпрыемстваў раёна – СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Кіраўніцтва завода, якое зацікаўлена ў кадравым папаўненні, адгукнулася на прапанову.
У мінулую сераду завадчане сустракалі васьмікласнікаў СШ № 2. Спачатку інжынер па ахове працы Вольга Анікей правяла з рабятамі інструктаж па АП. Далей галоўным экскурсаводам стала начальнік вытворчасці Галіна Мельнікава. Яна расказала пра прадпрыемства, асноўныя віды выпускаемай прадукцыі, у тым ліку пра тую, якая адпраўляецца на экспарт.
Ад наступнага этапу экскурсу ў прафесію школьнікі былі ў захапленні. Згодна з санітарнымі правіламі іх апранулі ў спецадзенне. Заварожана, не адрываючы вачэй, уважліва слухаючы кожнае слова Галіны Мельнікавай, хлопчыкі і дзяўчынкі ў цэху натуральнамалочнай прадукцыі сачылі за тым, як малако разліваецца па тэтрапаках. Не можа не выклікаць захапленне высокатэхналагічнае абсталяванне, літаральна ўсе працэсы механізаваны. Зразумела, каб кіраваць такім абсталяваннем,
неабходны добрыя веды і адпаведная спецыяльная падрыхтоўка.
Спецыяліст малакаперапрацоўчай прамысловасці – прафесія прэстыжная і запатрабаваная. Сённяшнім школьнікам варта падумаць над такім варыянтам пры выбары прафесіі. Рабяты даведаліся, як з малака атрымліваецца сметанковае масла, як яно «апранаецца» ва ўпакоўку, потым раскладваецца па скрынях і далей адпраўляецца па гандлёвых адрасах, каб трапіць на стол да спажыўца. Прыёмна-апаратны цэх першым прымае малако, якое прыязджае на завод з малочнатаварных фермаў і з прыватных падворкаў. Юным землякам было на што паглядзець! Смачным лагічным заканчэннем экскурсіі стала дэгустацыя выпускаемай на прадпрыемстве малочнай прадукцыі.

Пра свае ўражанні і эмоцыі дзеляцца экскурсанты.

Марыя ШКУТ:
– Спадабалася вельмі. Упершыню на малочным заводзе. Таму для мяне ўсё новае. Хачу трапіць сюды яшчэ. Асабліва ўразілі вялікія цэхі і «разумныя» машыны, якія ўзялі на сябе асноўную частку ручной работы. Каб кіраваць такой тэхнікай, трэба быць добрым спецыялістам. А ад дэгустацыі я ў захапленні.

Сафія ДЫДЫШКА:
– Пабывала на экскурсіях на многіх прадпрыемствах Ляхавіцкага раёна. Больш за ўсё мне спадабалася менавіта на малочным заводзе. Столькі эмоцый, уражанняў. Ведаю, на якім абсталяванні з малака атрымліваецца масла. Смак ляхавіцкіх малака, тварагу, дэсертаў ведаю добра, у нашай сям’і гэтыя прадукты любяць.
З задавальненнем разам з аднакласнікамі паспрабавала гэту смакату.