Каб лета было сонечным. На Ляхавіччыне да арганізацыі аздараўлення і занятасці дзяцей падыходзяць адказна, дэталёва і ўдумліва

Асаблівая ўвага – непаўналетнім, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа і прызнаным у сацыяльна небяспечным становішчы. Пытанне гэта разглядалася 30 мая на камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Акрамя пастаянных членаў камісіі, сярод удзельнікаў пасяджэння – і прадстаўнікі ГДК, раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы, раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, СДЮШАР, кінатэатра «Кастрычнік», іншыя.

Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Мацкевіч указала на важнасць скаардынаванасці дзеянняў усіх суб’ектаў прафілактыкі, устаноў адукацыі і культуры дзеля бяспечнага адпачынку і аздараўлення дзяцей.
У выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі раёна плануецца ў летні перыяд аздаравіць каля 1000 дзяцей. У «Чайцы» ў кожнай змене па традыцыі будзе дзейнічаць сумесна з РАНС атрад абаронна-спартыўнага профілю «Выратавальнік». Такі ж атрад арганізуецца і ў Падлескай школе. Таксама ў чэрвені на базе СШ № 2 для 96 хлопчыкаў і дзяўчынак запрацуе лагер ваенна-патрыя-тычнага профілю. Наладжана супрацоўніцтва з воінскай часцю 29969 у гімназіі. Таму ў ліпені канікулы для 15 рабят таксама будуць напоўнены ваенна-патрыятычнымі справамі і змястоўным адпачынкам.
У планах і работа трох лагераў працы і адпачынку ў СШ № 1, Навасёлкаўскай і Ліпскай СШ. Арганізуюцца студатрады ў Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча і Падлес-кай школе, а ў ЦДАДіМ кожны летні месяц рабят чакаюць рознаўзроставыя групы па інтарэсах зменнага складу.
Раённая цэнтралізаваная клубная сістэма заўсёды рада бачыць рабят у сельскіх Дамах культуры і бібліятэках, падкрэсліў яе дырэктар Юрый Грынь. У раскладзе працы ўстаноў – мерапрыемствы на любы густ і ўзрост. ГДК таксама рыхтуе сваю забаўляльную праграму. І плануе пасяджэнні клуба «Незалатая моладзь» праводзіць у розных кропках райцэнтра.
На занятасць непаўналетніх працуе і СДЮШАР. Да дзвюх змен дзённага спартыўна-аздараўленчага лагера далучацца і разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы, сярод якіх гульні, віктарыны, валейбол, гандбол і г. д. Прапануюцца і заняткі па шашках, шахматах, настольным тэнісе і іншыя гульні (гарадкі, эстафеты, спартландыі). На працягу канікулаў у СДЮШАР для непаўналетніх будзе працаваць трэнажорная зала, більярд, настольны тэніс, гульнёвая зала. Усе гэтыя паслугі для дзяцей бясплатныя.
Умее зацікавіць хлопчыкаў і дзяўчынак раённая цэнтра-лізаваная бібліятэчная сістэма. Аб’яўлены конкурс да Году міру і стварэння «Нам гэты мір завешчана берагчы» сярод чытачоў таленавітых мастакоў, пісьменнікаў і блогераў. Фінішуе ён 14 жніўня.
Шмат задумак на канікулы, канешне, у райкама БРСМ, супрацоўнікаў кінатэатра «Кастрычнік» і іншых.
Усе прапановы агучаны загадзя бацькам і дзецям. І падчас размовы з закон-нымі прадстаўнікамі рабят і з непаўналетнімі, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа, і іншых катэгорый пра летнюю занятасць члены камісіі высвятлялі літаральна па днях месца-знаходжанне рабят. Усё дзеля папярэджання супрацьпраўных паводзін. Бацькі павінны ведаць, дзе знаходзяцца іх дзеці, чым займаюцца.
Сярод тых, з кім праводзілася гутарка, і пятнаццацігадовая навучэнка гарадской школы. Як апынулася на кантролі інспекцыі па справах непаўналетніх і камісіі? Трапіла ў нядобрую кампанію. Адумалася. Будзе паступаць, а пасля плануе працаваць у лагеры працы і адпачынку, будзе дапамагаць маці з агароднымі клопатамі.
Чатырнаццацігадовы школьнік вясковай СШ таксама жадае папрацаваць. І ў дапамогу яму – установа адукацыі, дзе ён плануе наведваць лагер працы і адпачынку.
На пасяджэнні камісіі разгледжаны і матэрыялы, якія паступілі па фактах учыненых праступкаў падлеткамі. Павучальны прыклад. Юны аматар матацыкла, не маючы права на кіраванне, узяў транспарт без дазволу бацькоў. Калі вяртаўся дадому, быў спынены супрацоўнікамі АДАІ Ляхавіцкага РАУС. Вынік – адміністрацыйнае правапарушэнне і штраф. На жаль, такія выпадкі сярод непаўналетніх не рэдкасць.
Наталля ПЕРАПЕЧКА