Усесезонная работа. На апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама «здаваў экзамен» па навядзенні чысціні і парадку Крывошынскі сельсавет

У мінулы панядзелак на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама «здаваў экзамен» па навядзенні чысціні і парадку Крывошынскі сельсавет, дзе ў 13 населеных пунктах пражываюць амаль 2 500 чалавек.

Першачарговае значэнне сельвыканкам надае санітарнаму стану населеных пунктаў, іх добраўпарадкаванню ў цесным узаемадзеянні з мясцовымі прадпрыемствамі і арганізацыямі, адзначыў кіраўнік сельвыканкама Сяргей Баргамон. Адзін з прыкладаў: ЗАТ «Белпрампрыбор» выкарчавала пні і задыскавала ўчасткі зямлі для далейшага ўцягнення іх у севазварот. Знесены два пустуючыя дамы ў Навасёлках і Крывошыне, яшчэ на двух папрацавалі спадчыннікі. З пачатку года 10 дамоў уключаны ў разрад пустуючых, па рашэнні суда чатыры дамы прызнаны безгаспадарнымі.
У сельвыканкаме склалася практыка дзеля навядзення чысціні і парадку працаваць на папярэджанне: з пачатку года наведана 270 домаўладан-няў, выдадзена 9 прадпісанняў, накіравана
17 пісьмаў спадчыннікам і 27 гаспадарам-дачнікам. Традыцыйнымі сярод вяскоўцаў, арганізацый і прадпрыемстваў сталі і суботнікі.
Сярод чыстых мер – і ліквідацыя несанкцыянаваных сметнікаў бытавых і раслінных адходаў, напрыклад, у Свяціцы і Крывошыне. Высечана кустоўе ў Галаўнінцах, выдаляюцца аварыйныя дрэвы і г. д.
У зоне ўвагі – і стан могілак. Камунальнікі яшчэ ў лютым ачысцілі месцы пахавання ад дрэў і кустоўя ў Ліпску і Заліпенні, выдалены аварыйныя дрэвы ў Калпаках. Сёлета неаднаразова рамантавалася драўляная агароджа на могілках у Малышах, Заліпенні і Ліпску. Хутка будзе ўстаноўлена бетонная агароджа на могілках у Малышах.
Вынікі наглядных мерапрыемстваў райЦГіЭ сведчаць, што ў сельсавеце праведзена значная работа па навядзенні чысціні і падтрыманні належнага парадку, падкрэсліў галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў. Узорнымі лічацца тэрыторыі Крывошынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, Крывошынскага лясніцтва, парку «Рэпіхава», абласной псіхіятрычнай бальніцы «Крывошын», аварыйна-выратавальнага паста «Ліпск», устаноў адукацыі і г. д.
Аднак маюцца і ўчасткі, якія патрабуюць работы над памылкамі. Сярод выяўленых райЦГіЭ парушэнняў – неналежнае санітарнае ўтрыманне тэрыторый прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці. Па словах Віталія Ціханава, у не зусім прыглядным выглядзе знаходзяцца былы дзіцячыя сады ў Свяціцы ( Стаянава Н. А.), Крывошыне (спажывецкі кааператыў фінансавай дапамогі «ІнвестЭкспрэсКрэдыт»).
Райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выявіла факты невыканання заканадаўства ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Ёсць выпадкі несанкцыянаванага размяшчэння адходаў, факты непрыняцця землекарыстальнікамі мер па навядзенні парадку. Сярод такіх адрасоў начальнік райінспекцыі Іна Траяноўская назвала тэрыторыю агульнага карыстання ў вёсках Галаўнінцы, Малышы, Заліпенне і іншых. За парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства на тэрыторыі Крывошынскага сельсавета ў адносінах юрыдычных і фізічных асоб аформлена чатыры адміністрацыйныя справы, выяўлены факт нанясення шкоды навакольнаму асяроддзю шляхам засмечвання адходамі. Сума шкоды склала 560 рублёў.
Начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Наталля Крымская адзначыла, што маніторынг масіваў зямельных участкаў, прадастаўленых для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, паказаў іх мэтавае выкарыстанне, за выключэннем аднаго – у Галаўнінцах. Выяўлена захламленне земляў дровамі, бытавымі адходамі
за ўчасткамі грамадзян па вуліцы Лугавой у Ліпску, размяшчэнне сельскагаспадарчай тэхнікі на ўчастках, прадастаўленых для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, землях агульнага карыстання. Наталля Крымская падкрэсліла, што «Белпрампрыбору» неабходна завяршыць уцягванне ў сельгасзварот 19 гектараў зямлі, вызваленай пасля раскарчоўкі саду. А «Ліпнянка» можа павялічыць свае сельгасугоддзі на шэсць гектараў за кошт земляў, размешчаных у раёне МТФ «Ліпск».
Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч адрасаваў Сяргею Баргамону пытанні адносна далейшых планаў па зносе пустуючых дамоў і працы сельвыканкама па ўцягванні зямлі ў сельгасзварот. Пытанні навядзення парадку і добраўпарадкавання не залежаць ад сезона, і работа павінна працягвацца круглы год, – падкрэсліў кіраўнік раёна Мікалай Мароз.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.