Праблема не значыць недахоп, гэта крок да пераўтварэнняў. Серыю сходаў па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння завяршыла сустрэча кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна і розных службаў з жыхарамі Жарабковіцкага сельсавета

Серыю сходаў па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння на мінулым тыдні завяршыла сустрэча кіраўніцтва раёна і розных службаў з жыхарамі Жарабковіцкага сельсавета. Добрую рэпутацыю такая форма работы з насельніцтвам заваявала па праве: ёсць магчымасць агучыць праблему і пачуць каментарый кіраўнікоў адказнай службы, з першых вуснаў даведацца пра планы і перспектывы развіцця свайго населенага пункта, падзякаваць за работу, зрабіць заўвагу або ўнесці свае прапановы – адным словам, усё на карысць грамадзян.

Традыцыйны песенны пачатак задаў энергічны і бадзёры настрой мясцовай сустрэчы. Жаночая вакальная група «Забава» (Падлескі СДК) радавала творчасцю і шчырасцю выканання.
З першых нотак сходу зразумела: мясцовыя жыхары свае праблемы ведаюць, прапаноўваюць розныя варыянты вырашэння, чакаюць кансультацыі і гатовы ісці на кампраміс. Галоўнае, як адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, жыхары сельсавета не апускаюць рукі, звяртаюцца за дапамогай у вырашэнні і самі прымаюць у ім непасрэдны ўдзел. Такая зацікаўленасць уласціва патрыётам, гаспадарам сваёй зямлі, якія клапоцяцца, каб жыццё было якасным і камфортным.
Старшыня сельвыканкама Ніна Булатая прапанавала прысутным эканамічна-сацыяльны расклад падначаленай тэрыторыі. Сёння ў 17 населеных пунктах (сярод буйных – аграгарадкі Жарабковічы і Падлессе, вёскі Зубелевічы і Зарытава) пражывае 2445 чалавек. Нядрэнная «сацыялка». Жарабковіцкая школа імя М. Г. Мінкевіча сёння можа пахваліцца ўнушальнай колькасцю вучняў. Наладжаны гандаль (прыватны, фірменны і спажывецкая кааперацыя), адукацыйная прастора, медыцынская дапамога. Наконт апошняга, па выніках 2020 года Жарабковіцкі ФАП быў у тройцы лепшых фельчарска-акушэрскіх пунктаў краіны. Добрая база, якую варта не разгубіць – зберагчы і ўмацаваць. І мясцовыя жыхары нацэлены менавіта на гэта.
Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык нагадаў пра будаўнічы плюс да ААТ «Жарабковічы»: у аграгарадку Падлессе ў мінулым годзе пачалося будаўніцтва малочнатаварнай фермы на тысячу галоў.
Праблемныя пытанні ў многім тыповыя. Старшыня сельвыканкама агучыла, што па меры магчымасці стараюцца справіцца з кожным: выдаленне аварыйных дрэў, вырашэнне сітуацыі з пустуючымі дамамі, уключэнне ў севазварот зямель, вываз смецця і іншыя.
Напачатку пытанні жыццёвай важнасці. Пажарная бяспека – гэта не прыгожыя малюнкі і маляўнічыя расказы, гэта закон, што беражэ жыццё. І выконваць яго варта бездакорна. Пра гэта і не толькі расказаў начальнік РАНС Юрый Буйкевіч: лёгка недаглядзець, не звярнуць увагу на небяспечную дробязь, а менавіта яна (непатушаная цыгарэта, алкаголь, няспраўная пячное ацяпленне) не пашкадуе жыцця. Асаблівая ўвага – адзінокім пажылым грамадзянам. Не лішнім будзе ўсталяваць аўтаномны пажарны апавяшчальнік.
Крымінагенная абстаноўка і прафілактыка правапарушэнняў – тэматычныя аспекты выступлення начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргея Хмарука. Спыніліся на злачынствах з выкарыстаннем банкаўскіх картак, колькасць кіберзлачынстваў сёння, на жаль, расце.  
Пра духоўныя каштоўнасці, да якіх павінны вярнуцца і прыслухацца людзі, гаварыў настаяцель Храма Святога Духа (аг. Падлессе) айцец Канстанцін. Пераўтварэнні варта пачынаць з сябе, а пасля і ўсё навокал будзе мяняцца.
Мясцовыя жыхары ўнеслі прапанову-просьбу, каб у выдзеленым памяшканні ў аграгарадку зрабіць малітвенны пакой. Кіраўніцтвам такая духоўная ініцыятыва падтрымана. Галоўнае, правільна падысці да падрыхтоўкі будынка, дакументацыі, паколькі паўстае пытанне, на чыім балансе будзе знаходзіцца памяшканне, забяспечыць пажарную бяспеку і іншае.
Набалелае пытанне для прыхаджан Падлескай царквы – дарога да храма, якая зімой замятаецца снегам. Пытанне ўзнімалася і раней. І дарожная служба раёна ўжо выязджала на такія снежныя выклікі, аднак гэтага аказалася недастаткова. Як адзначыў начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога, умацуецца кантроль за гэтым участкам: дарога да храма павінна быць даступнай кожнаму.
Ад узвышанага да зямнога. Дарожная праблематыка ў гэтым аграгарадку ўзнімалася і раней. Жыхары аграгарадка справядліва адзначылі, што вуліцу Лугавую можна смела назваць «жарабковіцкай Венецыяй». З вясной прыйшлі клопаты: дарога літаральна разбіта, прайсці немагчыма, мокра і гразка. Ды і зімой тут не без праблем. На жаль, на гэты год асфальтаванне гэтай дарогі не запланавана, але ж  хутка чакаецца бягучы рамонт. Вуліца Савецкая таксама патрабуе ўвагі. Прагучала прапанова вясной выехаць і паглядзець стан дарог, на месцы выпрацаваць варыянты паляпшэння. Ігар Пілінога паабяцаў такі дарожны рэйд не адкладваць надоўга, сітуацыя на кантролі. Сёння заасфальтаваць адзін кіламетр дарогі не таннае задавальненне, каштуе каля 300 тысяч рублёў. З 430 кіламетраў дарог, што на балансе ДРБУ-200, заасфальтавана 200 кіламетраў. Шмат дарог пасля зімы не ў самым лепшым стане – дарожная служба не можа ў імгненне вырашыць усе пытанні: гэта і час, і сродкі, адпаведна. Таму кіраўнік раёна адзначыў, што паціху, размерана і планамерна пераўтварэнні дойдуць да населеных пунктаў.
Былі скаргі і на якасць пітной вады. Пытанні наконт тэрмінаў, калі сітуацыя зменіцца, адрасаваны дырэктару камунальнай службы раёна Андрэю Чайкоўскаму. Аднак, ёсць праблемныя моманты ў рабоце станцыі абязжалезвання – яна патрабуе мадэрнізацыі, як і астатнія два з трох кіламетраў водаправода, што пракладзены ў Жарабковічах. Андрэй Чайкоўскі паабяцаў прапрацаваць варыянты і сітуацыю вывесці на некрытычны ўзровень.
Самай абмяркоўваемай бытавой сітуацыяй можна назваць газіфікацыю аграгарадка. Пытанняў да намесніка старшыні райвыканкама Аляксея Галяка было шмат. Па кожным жыхары сельсавета атрымалі адказы і парады, як паводзіць сябе далей, тэхнічныя нюансы, у якія тэрміны варта стварыць кааператыў забу-
доўшчыкаў, каб газ трапіў у Жарабковічы своечасова і без праблем. Дэталяў аказалася не мала, таму было прапанавана арганізаваць тэматычную сустрэчу з насельніцтвам у бліжэйшы час і абмеркаваць хвалюючае з адпаведнымі спецыялістамі, запрасіць прадстаўнікоў газавай службы.
Радуюць такая жыццёвая актыўнасць, бадзёрасць і нацэленасць зрабіць свой куток самым лепшым. Падчас важнай рэспубліканскай падзеі ў дзень рэферэндуму і на датэрміновым галасаванні важна гэта не разгубіць, зрабіць свой выбар. Толькі беларусы вырашаюць, як жыць далей: сёння мы абараняем краіну.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна  Прыхач нагадала, якія прапановы змяненняў унесены ў Асноўны Закон краіны, патлумачыла, для чаго такія змены, чаму сёння як ніколі важна праявіць самасвядомасць. Тым больш, такой палітычнай актыўнасці ў абмеркаванні можна толькі пазайздросціць. Цяпер беларусы за сваё пастаяць.
– Я жанчына, захавальніца галоўных сямейных каштоўнасцяў. Таму пайду на рэферэндум: хачу бачыць шчаслівых бацькоў, сям’ю, дзе мама і тата клапоцяцца пра сваіх сыноў і дочак. Я мама, жадаю для свайго дзіцяці самага лепшага і светлага. Таму выбіраю будучыню мірнай і незалежнай, я не прыму каштоўнасцяў і правіл жыцця заходняга свету. Я патрыётка, таму мой выбар – захаванне гістарычнай памяці, той праўды, якую павінен ведаць увесь свет.
Я нашчадак пакалення пераможцаў. Люблю Беларусь, таму пайду на рэферэндум! – шчыра прызналася Ніна Прыхач.
– Сёння ў вёскі перспектыў шмат, ёсць людзі, неабыякавыя і клапатлівыя, працавітыя і руплівыя. Яны выхаваны на лепшых традыцыях. Дзякуй ім за тое, што сваіх дзетак яны выхоўваюць з любоўю да роднай зямлі. І сёння гэта неабходна зберагчы. 27 лютага – падзея, што датычыць усіх. І мы не ў праве яе ігнараваць! – падсумаваў старшыня дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч.

Маргарыта Кухта-Маслоўская.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.