Маладзёжная сямідзёнка. Як у Ляхавічах адзначаць Дзень моладзі і студэнцтва

Адно  з самых папулярных святаў юнакоў і дзяўчат – Дзень моладзі і студэнцтва, што сёлета  адзначаецца 25 чэрвеня. Яму прысвечаны аднайменны тыдзень, які стартуе ў краіне з 19 чэрвеня.
Цэнтральнай падзеяй тыдня стане афіцыйная цырымонія адкрыцця ў Мінску трэцяга працоўнага семестра з удзелам байцоў студатрадаў.
Ляхавіцкая раённая арганізацыя ГА «БРСМ» у рамках маладзёжнага тыдня запланаваў шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх экскурсія ў рэдакцыю раёнкі. Таксама ў панядзелак у купалаўцы пройдзе прававы квіз-турнір.
20 чэрвеня райкам БРСМ запрашае жыхароў Ляхавіччыны ў Грушаўку на раённы этап рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар сяла». Пачатак – у 14 гадзін.
Дзень стварэння – такую назву мае трэці дзень тыдня,
21 чэрвеня, месцам дыслакацыі якога стане Святадухаўская царква ў Падлессі. Тут пройдзе рэспублі-канская міжканфесіяналь-ная дабрачынная акцыя «Аднаўленне святынь Беларусі».
22 чэрвеня – у Дзень гістарычнай памяці – актывісты БРСМ накіруюцца ў Крывошын, дзе на тэрыторыі мясцовай школы ўстаноўлены мемарыяльны знак у памяць шаснаццаці лётных экіпажаў, якія гераічна змагаліся ў першыя дні вайны над Ляхавіччынай. Тут адбудзецца адкрыццё таблічкі з QR-кодам, дзякуючы якому інфармацыя пра памятны знак будзе даступна ў інтэрактыўным фармаце.
У суботу ў 19.00 землякоў і не толькі чакаюць на плошчы Леніна на канцэртную праграму. Яе арганізатар – гарадскі Дом культуры –абяцае яркія эмоцыі і шмат цікавых момантаў. Будуць працаваць гандлёвыя рады, арганізаваны забаўляльныя пляцоўкі.
Тыдзень моладзі і юнацтва, па словах Анастасіі Дземідовіч, фінішуе велапрабегам «Моладзь за здаровы лад жыцця». 25 чэрвеня ў 12 гадзін ад стадыёна «Колас» калона веласіпедыстаў накіруецца ў Грушаўку.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.