Раённая медыцына: надзейна і прафесійна. Пра перамены, кадравы складнік, інавацыі ў медыцыне Ляхавіччыны інтэрв’ю з галоўным урачом райбальніцы

Сістэма аховы здароўя была і застаецца адной з найбольш важных сфер, якой у Беларусі надаецца вялікая ўвага. Рэалізуюцца нацыянальныя праекты, удасканальваецца медыцынскае абслугоўванне як ў маштабах рэспублікі, так і на абласным і раённым узроўнях. Акцэнт – на аснашчэнне сучасным медыцынскім абсталяваннем і, канешне, кадравы складнік. Медработнікі заўжды на перадавой, гатовыя ў любы час прыйсці на дапамогу людзям, якім яна патрабуецца. І калі ўсяму свету давялося сутыкнуцца з каварным і небяспечным каранавірусам, медыкі не зрабілі ні кроку назад. Гэта мужнасць, прафесіяналізм, уменне спачуваць і суперажываць, гатоўнасць працаваць у непасрэднай блізкасці з небяспечнай інфекцыяй дзеля выратавання здароўя і жыцця іншых.
Пра перамены, кадравы складнік, інавацыі ў медыцыне Ляхавіччыны, ці задавальняе медабслугоўванне жыхароў раёна, як сёння працуюць розныя падраздзяленні райбальніцы.

Напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў прапануем інтэрв’ю з галоўным урачом УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгіем Хлябовічам.

Умацаванне матэрыльна-тэхнічнай базы – адна з умоў паляпшэння якасці медыцынскіх паслуг. Якая работа ў гэтым накірунку праведзена за апошні час?

– Бясспрэчна, самы галоўны набытак за апошнія дзесяцігоддзі па значнасці, запатрабаванасці – камп’ютарны тамограф. На больш высокі ўзровень выводзім дыягностыку анкалагічных, хірургічных, неўралагічных, нейрахірургічных і іншых захворванняў. Такое абсталяванне – мара многіх устаноў аховы здароўя. І ў тым, што яна збылася, заслуга і Брэсцкага абл-выканкама і Ляхавіцкага райвыканкама, Міністэрства аховы здароўя, упраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама. Толькі на набыццё КТ са сродкаў Міністэрства аховы здароўя выдаткавана каля 800 тысяч рублёў. Яшчэ каля 500 тысяч рублёў з раённага бюджэту пайшло на рэканструкцыю памяшкання пад гэты апарат. Нам даверылі здароўе не толькі жыхароў Ляхавіччыны, але і Ганцавіцкага раёна, а пры небходнасці і Баранавіцкага рэгіёна. Актуальнасць КТ відавочна ў эфектыўнасці дыягностыкі хвароб для далейшага лячэння пацыентаў. Для архівавання даных КТ-даследаванняў набыты за 9,8 тысячы рублёў камп’ютар з функцыяй сервера.
Для больш якаснай дапамогі насельніцтву летась істотна аснасцілі аддзяленне хуткай дапамогі. За кошт сродкаў раённага бюджэту ўкамплектавалі выязныя брыгады комплексам аператыўнага кантролю электракардыяграм, апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх, кіслародным інгалятарам. Не забываем клапаціцца і пра камфортныя ўмовы знаходжання пацыентаў у сценах нашых медустаноў. Асабліва акцэнтуем увагу на правядзенні рамонтаў – ад капітальнага да касметычнага. Унушальную дапамогу аказваюць розныя арганізацыі, асабліва прадпрыемствы сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. У многім дзякуючы ім завершаны работы на Русінавіцкім і Рачканскім ФАПах, вядзецца рамонт на Сваятыцкім, Зубелевіцкім, Ураджайнінскім, Конькаўскім ФАПах. Словы асаблівай падзякі – работнікам райбальніцы, якія творча шчыруюць на добраўпарадкаванні розных медыцынскіх аб’ектаў. Дарэчы, нашы медыкі, не адкладваючы на потым, прыступілі да рэалізацыі задач, пастаўленых Прэзідэнтам краіны на майскай нарадзе па актуальных пытаннях аховы здароўя.

– Георгій Яўгеньевіч, наколькі актуальная для Ляхавіцкага раёна кадравая забяспечанасць устаноў аховы здароўя?

– Вельмі і вельмі актуальная. Недахоп медыкаў унушальны, асабліва гэта тычыцца ўрачоў. Зразумела, маладыя спецыялісты імкнуцца трапіць у медустановы сталіцы, абласных цэнтраў. Але ж менавіта ў раённых бальніцах значна больш магчымасцей набрацца практыкі, пераняць вопыт у старэйшых калег, паступова ўдасканальвацца ў прафесіі.
У нашай райбальніцы добра зарэкамендавала сябе сістэма настаўніцтва, калі за маладым спецыялістам замацоўваецца вопытны калега. З пашанай і павагай успамінаю сваіх настаўнікаў-урачоў, якія дапамагалі парадамі, вучылі, падбадзёрвалі. Не сакрэт, што маладым трэба давяраць, падтрымліваць іх пачынанні і стымуляваць.
Пэўны час рыхтавалі дастойную замену нашым загадчыкам аддзяленняў, якія збіраліся на заслужаны адпачынак, і не прагадалі. Загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы назначаны выдатны ўрач Алег Арлоўскі, а неўралагічнага – прафесіянал сваёй справы Вікторыя Маслоўская. Для работы ў аддзяленні функцыянальнай дыягностыкі падрыхтаваны ўрач Ірына Казбяровіч. Яна прай-шла прафесійную перападрыхтоўку і зараз удасканальваецца пад кіраўніцтвам спецыяліста-профі Таццяны Літвіненка. Нягледзячы на кадравыя складанасці, на кожны выклік выязджаюць не адзін, як было раней, а два фельчары. Тут сваё важкае слова сказаў прыток выпускнікоў медкаледжаў.
Упэўнены, што калі чалавек прыходзіць у прафесію па закліку душы, ён у ёй абавязкова застанецца. Імкнёмся стварыць для маладога папаўнення зручныя і камфортныя ўмовы працы. У нас адна з лепшых у вобласці сітуацыя з вырашэннем жыллёвага пытання. Для
18 работнікаў устаноў аховы здароўя прадастаўлена арэнднае жыллё.
З нецярпеннем чакаем сёлетняга кадравага папаўнення – плануецца, што ў нашы рады ўступяць 10 урачоў – выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў і 16 прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу. Прыемная навіна для прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва: у жніўні на сваё першае працоўнае месца прыйдуць два ўрачы-гінеколагі. Для часовага вырашэння пытання забяспечанасці дэрматолагам некалькі разоў на месяц будзе весці прыём урач адпаведнай спецыялізацыі з Брэста. Зразумела, што нават новы ўнушальны прыток спецыялістаў кадравую праблему не вырашыць. Істотнай застаецца нагрузка на тых медработнікаў, якія цяпер працуюць у галіне аховы здароўя раёна. Адзначу, без медыцынскай дапамогі не застанецца ні адзін чалавек.

– Якія задачы пастаўлены перад калектывам Ляхавіцкай райбальніцы на бліжэйшую перспектыву?

– Асноўная задача для усіх, хто працуе ў медыцынскіх установах, – надзейна стаяць на варце здароўя землякоў. Нягледзячы на розныя праблемы, пэўныя кадравыя нюансы, можам пахваліцца і дасягненнямі, дзякуючы таму, што ў нас працуе вялікая зладжаная каманда.
Са студзеня 2023 года па новых правілах праходзіць дыспансерызацыя насельніцтва. Ляхавіцкая ЦРБ правяла шырокую растлумачальную работу сярод гараджан і вяскоўцаў, наладзілі арганізацыю, і вынік не прымусіў сябе чакаць. За пяць месяцаў дыспансерызацыю прайшлі больш за палову жыхароў раёна, якія ёй падлягаюць. Хірургічнае аддзяленне райбальніцы набыло статус міжраённага: аказваем хірургічную стацыянарную дапамогу жыхарам Ляхавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў. Бясспрэчна, высокі ўзровень ляхавіцкай медыцыны пацвярджае той факт, што ў хірургічным аддзяленні райбальніцы выконваецца значны пералік высокатэхналагічных складаных аперацый па траўматалогіі, артапедыі і хірургіі. Нашы бліжэйшыя мары звязаны з набыццём лапараскапічнай стойкі, што дазволіць разнастаіць спектр малаінвазійных аперацыйных умяшанняў. У планах і перасоўны медыцынскі комплекс –
своеасаблівы ФАП на колах. Такое абсталяванне даволі істотна паўплывае на якасць медыцынскага абслугоўвання ў самых аддаленых кропках раёна.

Кожная трэцяя нядзеля чэрвеня ў прафесійным календары Беларусі пазначана як Дзень медыцынскіх работнікаў. Нямала віншаванняў гэтымі днямі адрасуецца работнікам ляхавіцкіх устаноў аховы здароўя. Калі ласка, раскажыце пра свой калектыў.

– Калі ты працуеш у калектыве аднадумцаў-прафесіяналаў, побач з вопытнымі і таленавітымі спецыялістамі, то кожны дзень прыносіць радасць, задавальненне, імкненне рухацца наперад, спасцігаць новае. Кожны, хто працуе на розных участках галіны аховы здароўя, – важная і ключавая частка ўсяго калектыву. І толькі зладжаныя дзеянні могуць прынесці добры вынік.
У нас вельмі адладжаны механізм работы адміністрацыі ЦРБ. Кампетэнтнасць, выдатнае выкананне сваіх прафесійных абавязкаў медработнікамі сярэдняга звяна, утульнасць і камфорт, што забяспечваюць нашы санітаркі, прыбіральшчыкі, санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт жыхароў раёна – гэта ў многім заслуга галоўнай медыцынскай сястры райбальніцы Алы Туркіной. Загад-чык паліклінікі Анатолій Панько – вопытны адміністратар, які ўмела арганізоўвае работу свайго падраздзялення, выдатны практыкуючы ўрач-гінеколаг. Лічу добрым здабыткам для раённай медыцыны тое, што аддзяленне ўрача агульнай практыкі ў паліклініцы ўзначаль-вае перспектыўны ўрач Яўгеній Мудрагелаў, менавіта ён наладзіў якасны працэс дыспансерызацыі. Загадчыкі Начаўскай і Падлескай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Алена Мардвінава і Святлана Юнік паспяхова аказваюць медыцынскае абслугоўванне не толькі пацыентам са сваіх участкаў, але і з суседніх, дзе пакуль адсутнічаюць урачы. І ніколі не было ад пацыентаў ніводнай скаргі. У кожным падраздзяленні ёсць лепшыя з лепшых, на каго раўняюцца, з каго бяруць прыклад, кім ганарацца.

– Георгій Яўгеньевіч, дзякуй за размову. «Ляхавіцкі веснік» шчыра віншуе ўсіх работнікаў устаноў аховы здароўя раёна з прафесійным святам. Прыміце пажаданні моцнага здароўя, трываласці, задавальнення ад работы і поспехаў у добрых пачынаннях. Няхай заўжды шчасціць, настрой будзе выдатным, у сем’ях пануюць лад і згода, а неба будзе мірным.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея Варановіча.